У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

2 Ліп 2018

Беражлівае стаўленне да культурнай спадчыны ўмацоўвае суверэнітэт краіны - Бондар

Беражлівае стаўленне да культурнай спадчыны ўмацоўвае суверэнітэт краіны - Бондар

2 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беражлівае стаўленне да культурнай спадчыны ўмацоўвае суверэнітэт краіны. Аб гэтым 2 ліпеня заявіў міністр культуры Беларусі Юрый Бондар у час урачыстага адкрыцця свята "Дзень вышыванкі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Юрый Бондар адзначыў, што маладзёжная акцыя "Дзень вышыванкi" набірае папулярнасць. "Паважлівае стаўленне да культурных традыцый - адметная рыса менталітэту беларускіх людзей. Мы беражліва захоўваем тую культурную спадчыну, якую пакінулі продкі: нашы народныя песні, танцы, абрады, выдатныя творы прыкладнога мастацтва - усё гэта далучае нас да нашай гісторыі, дае магчымасць усвядоміць нацыянальную ідэнтычнасць і ўмацоўвае дзяржаўны суверэнітэт", - сказаў ён.

Першы сакратар ЦК ГА "БРСМ" Дзмітрый Варанюк у сваю чаргу падкрэсліў, што арнамент, адлюстраваны на беларускім сцягу, - гэта сувязная ніць усіх пакаленняў. Ён дадаў, што цяперашняй моладзі цікава апранаць адзенне з элементамі вышыванкі. "Удзел у такіх мерапрыемствах сапраўды нас усіх аб'ядноўвае і прымушае звярнуцца да каранёў, нацыянальных традыцый, духоўнай культуры Беларусі. Таму што асновы ідэалогіі дзяржавы - гэта захаванне традыцый. Самае галоўнае - гэта шанаваць іх і быць разам", - заявіў ён.

У правядзенне свята свае карэктывы ўнёс дождж, які пачаўся акурат у час адкрыцця. "Дождж гэта таксама нядрэнна. Праўда, многія работы, звязаныя з паперай, дзіцячыя пляцоўкі давялося згарнуць", - растлумачыў Дзмітрый Варанюк.

Святочныя мерапрыемствы "Дня вышыванкi" разгарнуліся на пляцоўцы каля сталічнага Палаца спорту. Першым пачаў работу і сустрэў гасцей духмяным пахам страў нацыянальнай кухні "Беларускі кірмаш". Кірмаш аб'яднаў дзясяткі пляцовак: фуд-корт "Беларуская карчма", фотамайстэрню "Натхненне", літаратурную гасцёўню "Смак роднай мовы", выстаўку аграсядзіб "Запрашаем да нас", салон беларускага арнаменту "Родныя ўзоры", інтэрактыўную пляцоўку "Народныя гульні", майстар-класы "Горад майстроў".

Госці свята маглі паразмаўляць з беларускімі пісьменнікамі і паэтамі, атрымаць у падарунак здымак у вышыванцы або з роставымі лялькамі, зрабіць фота на фоне тантамарэсак, нанесці ў салоне "Родныя ўзоры" модныя малюнкі бодзі-арт, аквагрым, а таксама ўволю нагуляцца ў народныя гульні "Бабка Ганна", "Гуляць дык гуляць". Для самых маленькіх удзельнікаў свята лялечны тэатр "Батлейка" аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці падрыхтаваў паказ паводле матываў беларускіх казак.

Майстры народных промыслаў і ў дождж былі папулярныя. Кавалі з Віцебска правялі майстар-клас па класічным ручным каванні, прадэманстравалі тэхналогію вырабу камінных прыбораў, цвікоў, падкоў і іншых вырабаў з выкарыстаннем старадаўніх прыёмаў. Для тых, хто цікавіцца ганчарнай справай, разьбой па дрэве, ткацтвам, стварэннем фігурак з саломкі, тэхнікай лепкі цацак з гліны, таксама былі арганізаваны дэманстрацыі і майстар-класы. Больш за ўсё прыхільнікаў сабралі крычаўскія ўмельцы. Яны вучылі вырабляць і іграць на "прыдняпроўскіх свістульках", здольных агучваць галасы звяроў і птушак.

Наталля і Іван Сурковы спецыяльна прыехалі з Гродна загадзя, каб трапіць на святкаванне "Дня вышыванкi". "Мы захацелі ў гэтым годзе пабываць на парадзе ў Мінску. Потым даведаліся пра свята "Дзень вышыванкi" і спланавалі паездку ў сталіцу загадзя. Так, ідзе дождж, але гэта ніяк не псуе настрой. Тут весела, можна смачна перакусіць, цікава правесці час, наведаўшы майстар-класы. А яшчэ такія мерапрыемствы аб'ядноўваюць людзей, дапамагаюць не забываць і шанаваць традыцыі свайго народа", - прызналіся маладыя людзі.

Дэфіле мадэлей "Вянок прыгажосцi" - паказ ад дызайнераў, якія працуюць з этнаматывамі, удзельнікаў конкурсу "Лепшы этнавобраз" фестывалю моды і мастацтва "ЭтнаСтыль" - сабрала каля цэнтральнай сцэны практычна ўсіх гасцей свята.

Мерапрыемства прадоўжылася творчай эстафетай "Беларусь - крыніца натхнення", выступленнямі калектываў, эстрадных выканаўцаў з абласцей і Мінска, фолк і фолк-рок-груп.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс