9 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Віктар Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам III зімовых юнацкіх Алімпійскіх гульняў у Лазане. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе НАК.
"Юнацкія Алімпійскія гульні - маладая падзея ў свеце спорту, якая прызначана аб'яднаць падрастаючае пакаленне. Нягледзячы на юны ўзрост, вы прайшлі складаны кваліфікацыйны адбор і заваявалі запаветныя пуцёўкі на буйнейшыя міжнародныя спаборніцтвы", - гаворыцца ў прывітанні.
Першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта выказаў упэўненасць у тым, што Гульні адкрыюць для іх удзельнікаў дзверы ў спорт вышэйшых дасягненняў і стануць незабыўным вопытам у кар'еры. "Упэўнены, вы пацвердзіце высокі ўзровень беларускага спорту і дастойна прадставіце нашу краіну на юнацкай Алімпіядзе", - адзначыў Віктар Лукашэнка. Ён пажадаў юным спартсменам, якія прадстаўляюць краіну на прэстыжным мультыспартыўным форуме, моцнага здароўя, поспехаў і алімпійскага трыумфу.
Беларускія спартсмены на III зімовых юнацкіх Алімпійскіх гульнях у Лазане будуць прадстаўлены ў пяці відах спорту: біятлоне, лыжных гонках, горных лыжах, канькабежным спорце і хакеі 3х3. Кіраўніком беларускай дэлегацыі зацверджаны начальнік аддзела міжнародных адносін НАК Беларусі Васіль Юрчык.
Усяго ў спаборніцтвах удзельнічаюць 1880 спартсменаў з больш як 70 краін. Яны будуць спаборнічаць за медалі ў 16 дысцыплінах: біятлоне, бабслеі, кёрлінгу, хакеі з шайбай, санным спорце, фігурным катанні, канькабежным спорце, шорт-трэку, скелетоне, фрыстайле, горных лыжах, скачках з трампліна, лыжных гонках, скі-альпінізме, лыжным дваябор'і і снаўбордынгу.
Юнацкія Алімпійскія гульні праводзяцца МАК раз у чатыры гады. Першыя такія спаборніцтвы адбыліся ў Інсбруку (Аўстрыя) у 2012 годзе. У 2016-м прадстаўнічыя старты прымаў нарвежскі Лілехамер. III зімовыя юнацкія Алімпійскія гульні пройдуць у Лазане па 22 студзеня.