13 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія медыкі правялі ўнікальную аперацыю - пратэзаванне трахеі з выкарыстаннем тканкаінжынернага пратэза, паведаміў журналістам дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава Алег Суконка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Алег Суконка растлумачыў, што адной з нявырашаных праблем сучаснай медыцыны з'яўляецца лячэнне пацыентаў з захворваннямі трахеі, яе біфуркацыі (раздзяленне трубчастага органа на дзве часткі аднолькавага калібру, якія адыходзяць у бакі пад аднолькавымі вугламі. - Заўвага БЕЛТА), а таксама захворваннямі галоўных бронхаў, што суправаджаюцца звужэннем іх прасвету. Такое бывае, у прыватнасці, пры распаўсюджаным пухлінным пашкоджанні. У большасці выпадкаў адзіны патэнцыяльна вылечвальны метад лячэння - хірургічны. Існуючыя сёння ў свеце падыходы да пратэзавання трахеі звязаны з высокімі рызыкамі развіцця тых ці іншых ускладненняў і, як вынік, смерці пацыента. Па гэтым пытанні вядуцца актыўныя даследаванні і дыскусіі па ўсім свеце, такія ўмяшанні выконваліся ў вядучых сусветных цэнтрах Расіі, Іспаніі, Бельгіі, Англіі, ЗША. Аднак гэтыя спробы нельга назваць паспяховымі, а канчатковага рашэння ў пытанні пратэзавання трахеі на сёння няма.
На думку беларускіх вучоных, найбольш перспектыўным напрамкам з'яўляецца выкарыстанне пратэзаў на аснове донарскай трахеі, заселенай уласнымі клеткамі рэцыпіента. Новы метад паспяхова прымянілі ў лячэнні 65-гадовага мужчыны, у якога быў выяўлены рак верхняй долі правага лёгкага з прарастаннем пухліны на вялікім участку ў трахею. Прасвет трахеі звузіўся да 3-4 мм - гэта крытычнае звужэнне, калі пацыент ужо не мог нармальна дыхаць. Смерць, як правіла, у такіх выпадках надыходзіць ноччу, паколькі дрэнажная функцыя органа парушаецца. Пацыенту патрэбна была аперацыя з выдаленнем пашкоджаных участка трахеі і долі лёгкага, аднак узнікла праблема - чым замясціць выдалены ўчастак трахеі.
Загадчык хірургічнага аддзела РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава прафесар Уладзімір Жаркоў прапанаваў новы метад. Яго сутнасць заключаецца ў наступным: у донара бярэцца трахея і адмываецца ад клетачных элементаў. Гэта своеасаблівая матрыца імплантуецца ў мышцу рэцыпіента. Пасля прарастання матрыцы сасудамі адбываецца яе засяленне стваловымі клеткамі. Дэталі методыкі спецыялісты не сталі раскрываць, паколькі цяпер разглядаюцца заяўкі на атрыманне патэнта на вынаходства.
Чаканая працягласць жыцця ў пацыента да аперацыі была не большая за два-тры месяцы. Пасля хірургічнага ўмяшання ўжо прайшло больш за тры месяцы. Паводле слоў таракальнага хірурга РНПЦ Яўгена Дзямідчыка, у пасляаперацыйным перыядзе пацыент адчуваў сябе здавальняюча і быў выпісаны на 14-я суткі без ускладненняў. Нейкіх даных аб прагрэсіраванні і рэцыдыве захворвання за перыяд назірання не выяўлена.
Спецыялісты сыходзяцца на думцы, што на сёння новая методыка - прарыў у таракальнай хірургіі і анкалогіі. Цяпер вядуцца дадатковыя даследаванні, накіраваныя на паляпшэнне методыкі стварэння і імплантацыі тканкаінжынернага пратэза, што дасць магчымасць у будучым скараціць час падрыхтоўкі трансплантата. Да правядзення такой аперацыі рыхтуюцца два пацыенты.