Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

16 Крс 2013

Беларускі спадарожнік дапамог палярнікам даследаваць Антарктыду

Беларускі спадарожнік дапамог палярнікам даследаваць Антарктыду

17 красавіка, Мінск /Андрэй Асфура - БЕЛТА/. Беларускі касмічны апарат (БКА) удзельнічаў у правядзенні даследаванняў на тэрыторыі Антарктыды. Аб гэтым паведаміў 16 красавіка журналістам кіраўнік экспедыцыі Аляксей Гайдашоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У час таго, як беларускі спадарожнік пралятаў над Антарктыдай, беларускія палярнікі паралельна праводзілі вымярэнні. "Гэта адбывалася сінхронна, якраз у той час, калі над намі праходзіла траекторыя Беларускага касмічнага апарата", - удакладніў кіраўнік экспедыцыі. Паводле яго слоў, магчымасці беларускага спадарожніка ўяўляюць вялікую цікавасць для даследавання Антарктыды.

Беларускія палярнікі ў час экспедыцыі праводзілі кліматычныя і метэаралагічныя даследаванні. Гэта было неабходна для забеспячэння бяспекі як самой экспедыцыі, так і палётаў авіяцыі. "Расіяне не маюць у Антарктыдзе штатнага метэаролага, таму гэты від работ выконваюць члены беларускай экспедыцыі", - растлумачыў Аляксей Гайдашоў.

Вучоныя таксама правялі даследаванні ў галіне біялогіі. У прыватнасці, былі ўзяты ўзоры мікраарганізмаў, якія насяляюць ледзяны кантынент. Іх прывезлі ў Беларусь, каб у далейшым вырошчваць і вывучаць. "Беларусь павінна заняць нішу ў гэтым напрамку", - лічыць вучоны.

Кіраўнік экспедыцыі расказаў, што на гэты раз у Антарктыдзе было адносна цёпла: хутка пачаў раставаць снег, у выніку чаго з'явіліся трэшчыны, правалы і апоўзні. Магутныя патокі прэснай вады пачалі паступаць у акіян. Змяненне кліматычных умоў на ледзяным кантыненце непакоіць вучоных.

Авіярэйсам з Абу-Дабі ў Мінск вярнуліся ўдзельнікі пятай беларускай антарктычнай экспедыцыі: кіраўнік экспедыцыі Аляксей Гайдашоў, навуковы супрацоўнік Інстытута фізікі імя Б.І.Сцяпанава НАН Міхаіл Кароль і дацэнт кафедры мікрабіялогіі біялагічнага факультэта БДУ Уладзіслаў Мямін.

Экспедыцыя беларускіх палярнікаў доўжылася каля паўгода. За гэты час яны выканалі даследаванні аэразолю ў атмасферы з выкарыстаннем сонечнай сканіруючай радыеметрычнай станцыі і мабільнага лідара, правялі вымярэнні спектраў адлюстравання выхаду скальных парод. Акрамя таго, былі праведзены палеагеаграфічныя і фізіка-геаграфічныя даследаванні, штодзённыя вымярэнні агульнай колькасці азону. Таксама былі прадоўжаны гідрабіялагічныя даследаванні азёрных і марскіх экасістэм рознага тыпу, узяты біялагічныя пробы ў навакольнай мясцовасці станцыі.

Беларусь плануе пабудаваць у Антарктыдзе ўласную станцыю. У сувязі з гэтым была праведзена ацэнка яе магчымага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе Антарктыкі. Справаздача будзе прадстаўлена ў міжнародныя органы, каб эксперты маглі вызначыцца, як паўплывае будаўніцтва і дзейнасць самой станцыі на экалогію Антарктыкі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі