24 ліпеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ў тым, каб Еўрапейскі саюз заставаўся важным палітычным і эканамічным партнёрам. Аб гэтым заявіў журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей сёння па выніках сустрэчы з латвійскім калегам, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік беларускага МЗС падзякаваў міністру замежных спраў Латвіі Эдгарсу Рынкевічсу за магчымасць правядзення такой сустрэчы. Ён абмеркаваў з латвійскім калегам шырокі спектр пытанняў, якія датычацца развіцця палітычных і эканамічных кантактаў, размова ішла ў тым ліку аб развіцці кантактаў па лініі Беларусь - ЕС.
"У нас вельмі добрыя перспектывы развіцця далейшага супрацоўніцтва з Латвіяй, - лічыць Уладзімір Макей. - На жаль, сітуацыя з пандэміяй на некаторы час прыпыніла нашы палітычныя кантакты, палітычныя задумы, але я перакананы, што мы вернемся да іх рэалізацыі пасля паляпшэння сітуацыі. Мы зацікаўлены ў цесным супрацоўніцтве з Латвіяй у транспарце, лагістыцы, транзіце, сельскай гаспадарцы, сферы высокіх тэхналогій. Ва ўсіх без выключэння галінах".
Пры гэтым міністр заявіў, што ёсць шэраг канкрэтных прапаноў для развіцця кантактаў паміж Беларуссю і Латвіяй, а таксама выхаду на новы ўзровень супрацоўніцтва.
"Мы таксама абмеркавалі пытанні развіцця ўзаемадзеяння Беларусі з Еўрапейскім саюзам. Для нас Еўрапейскі саюз з'яўляецца важным знешнепалітычным і знешнеэканамічным партнёрам. Мы зацікаўлены ў тым, каб паступовая тэндэнцыя развіцця ўсебаковага супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам і краінамі-членамі прадаўжалася і развівалася", - прадоўжыў Уладзімір Макей.
Ён таксама расказаў, што на перагаворах у ліку іншых разглядаліся пытанні рэгіянальнай бяспекі, а таксама развіцця супрацоўніцтва ў рамках "Усходняга партнёрства", якое таксама з'яўляецца важным для Беларусі. Ён адзначыў рэзультатыўны характар рэалізуемых ва "Усходнім партнёрстве" праектаў.
Уладзімір Макей падзякаваў латвійскаму калегу за адкрыты і канструктыўны дыялог. "Толькі такі падыход дае магчымасць зняць некаторыя заклапочанасці і вызначыцца, як нам рухацца далей", - лічыць кіраўнік беларускага МЗС.
Як паведамлялася, кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства сёння знаходзіцца з аднадзённым рабочым візітам у Латвіі. Гэту краіну ў красавіку павінен быў наведаць Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Аднак у сувязі з успышкай каранавіруса візіт быў перанесены на больш познія тэрміны.
У сакавіку па ініцыятыве латвійскага боку адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Латвіі Эгілсам Левітсам. Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі асноўныя аспекты двухбаковага супрацоўніцтва, галоўным чынам гандлёва-эканамічнага. Узаемную цікавасць для краін-суседак у першую чаргу ўяўляюць пытанні транспарціроўкі грузаў, транзіту энергарэсурсаў, вытворчай кааперацыі.
У канцы чэрвеня Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Эгілса Левітса з 65-годдзем. Прэзідэнт адзначыў, што разлічвае на прадаўжэнне сумеснай работы па ўмацаванні добрасуседскіх адносін, чаму павінны садзейнічаць запланаваныя кантакты на вышэйшым узроўні. "Разлічваю, што ў хуткім часе нам удасца сустрэцца ў гасціннай Рызе для абмеркавання шляхоў паглыблення ўзаемадзеяння Беларусі і Латвіі", - падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.