29 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фармацэўтыка - найбольш перспектыўная сфера ўзаемадзеяння Беларусі і Індыі. Краіны зацікаўлены ў пашырэнні супрацоўніцтва ў фармпрамысловасці. Размова аб гэтым ішла на сустрэчы старшыні Савета Рэспублікі, упаўнаважанага па супрацоўніцтве з Індыяй Міхаіла Мясніковіча з ганаровым консулам Беларусі ў Мумбаі Лалітам Чэкхані, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе верхняй палаты парламента.
Адной з галоўных пераваг супрацоўніцтва індыйскіх кампаній з Беларуссю спікер назваў магчымасць выхаду на рынак краін ЕАЭС. "Сумесна мы можам паспяхова рэалізаваць вялікія і ўзаемавыгадныя праекты", - адзначыў старшыня Савета Рэспублікі.
З удзелам індыйскага капіталу ў Беларусі ідзе будаўніцтва трох фармзаводаў - у Бешанковічах Віцебскай вобласці, Скідзелі Гродзенскай вобласці і Калядзічах. У жніўні 2018 года Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і індыйская фармацэўтычная кампанія CIPLA далі старт яшчэ аднаму сумеснаму праекту па стварэнні навукова-тэхналагічнага цэнтра па выпуску лекавых прэпаратаў у Мінску. Першы камень будучай фармвытворчасці быў закладзены з удзелам старшыні праўлення кампаніі CIPLA Юсуфа Хаміда. Міхаіл Мясніковіч звярнуў увагу на неабходнасць паскарэння работ па гэтым праекце і прапанаваў распрацаваць дарожную карту яго рэалізацыі з канкрэтнымі тэрмінамі падрыхтоўкі пляцоўкі і пачатку будаўніцтва. "Работы трэба фарсіраваць, прычын для запавольвання няма", - падкрэсліў ён.
Спікер таксама нагадаў, што індыйскія інвестары могуць актыўна ўдзельнічаць і ў праекце па стварэнні вялікага мультымадальнага прамыслова-лагістычнага цэнтра ў пасёлку Балбасава Віцебскай вобласці. "Калі б індыйскі бізнес прыйшоў сюды, гэта было б выгадна як для Беларусі, так і для Індыі. Напрамкаў дзейнасці можа быць некалькі - вытворчасць, лагістыка, сфера паслуг", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.
У сваю чаргу ганаровы консул адзначыў, што ў Беларусі і Індыі добрыя перспектывы супрацоўніцтва - дзелавыя колы Індыі праяўляюць цікавасць да беларускага рынку па шэрагу напрамкаў. Ён таксама прапанаваў арганізаваць у жніўні 2019 года ў Мінску сустрэчу старшыні Савета Рэспублікі з ганаровымі консуламі ў Індыі, Бангладэш, Шры-Ланцы, каб абмеркаваць перспектывы ўзаемадзеяння і магчымасці рэалізацыі сумесных праектаў. Міхаіл Мясніковіч падтрымаў гэту прапанову.
У час перагавораў бакі абмеркавалі яшчэ шэраг пытанняў, у тым ліку перспектывы беларуска-індыйскага супрацоўніцтва ў адукацыі і медыцынскім турызме.