31 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ў нарошчванні тавараабароту з Сербіяй, заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас у час перагавораў з прэм'ер-міністрам Сербіі Анай Брнабіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Апошнім часам дыялог паміж урадамі нашых краін вельмі інтэнсіўны. Прычым гэта дыялог роўных партнёраў, які праходзіць з узаемнай павагай. Сербія займае асаблівае месца сярод нашых гандлёва-эканамічных партнёраў, у нас ёсць пагадненне аб свабодным гандлі. Мы з разуменнем адносімся да імкнення Сербіі ўступіць у Еўрасаюз. Разумеем, што, напэўна, прэферэнцыйны рэжым адыдзе ў мінулае, тым больш мы павінны выкарыстаць час, каб нарасціць узаемны тавараабарот. Упэўнены, што кантакты паміж урадамі дапамогуць нам лепш зразумець адзін аднаго і выканаць мерапрыемствы дарожнай карты, якая была зацверджана ў мінулым годзе", - сказаў Сяргей Румас.
Ана Брнабіч прыбыла на сустрэчу Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы ў Мінску. Запланаваны і сустрэчы з беларускім бокам. "Для Беларусі і Сербіі характэрны высокі ўзровень палітычнага і эканамічнага супрацоўніцтва, і ён павінен быць яшчэ вышэйшы", - падкрэсліла прэм'ер-міністр Сербіі.
У студзені-жніўні 2018 года тавараабарот паміж Беларуссю і Сербіяй склаў $96,3 млн, у тым ліку экспарт беларускіх тавараў - $56,8 млн, імпарт з Сербіі - $39,5 млн. У Сербіі дзейнічаюць зборачныя вытворчасці беларускіх трактароў і аўтобусаў.