VI Усебеларускі народны сход
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

23 Жнв 2019

Беларусь зацікаўлена ў нарошчванні супрацоўніцтва з Грузіяй па ўсіх напрамках - Андрэйчанка

Беларусь зацікаўлена ў нарошчванні супрацоўніцтва з Грузіяй па ўсіх напрамках - Андрэйчанка

23 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ў нарошчванні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Грузіяй па ўсіх напрамках, заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка ў час сустрэчы з прэм'ер-міністрам Грузіі Мамукам Бахтадзэ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Наша прынцыповая пазіцыя - шукаць магчымасці для нарошчвання супрацоўніцтва па ўсіх напрамках, якія выгадныя і беларускаму боку, і грузінскаму. Важную ролю ў гэтым адыгрываюць парламентарыі. У нас створаны групы дружбы. Трэба сказаць, што яны працуюць нефармальна. Падрыхтавана дарожная карта развіцця супрацоўніцтва паміж парламентарыямі. Яна цяпер знаходзіцца на разглядзе ў грузінскага боку. Думаю, што парламентарыям трэба больш грунтоўна працаваць і ў складзе міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, таму што асноўныя пытанні вырашаюцца менавіта там", - сказаў Уладзімір Андрэйчанка.

Паводле яго слоў, ёсць усе перадумовы для нарошчвання двухбаковага тавараабароту. "У Беларусі працуе шэраг прадпрыемстваў з грузінскім капіталам, нашы прадстаўніцтвы працуюць у вашай краіне. Мы зацікаўлены ў тым, каб нарошчваліся пастаўкі грузінскіх тавараў у Беларусь. У першую чаргу гэта мінеральная вада, агародніна, фрукты, моцныя спіртныя напіткі. Прадпрыемствы, якія разліваюць грузінскія каньякі, ужо ёсць у Беларусі. Нам трэба далей ісці па шляху стварэння сумесных прадпрыемстваў па перапрацоўцы вашай прадукцыі, агародніны, фруктаў на тэрыторыі Беларусі", - адзначыў старшыня Палаты прадстаўнікоў.

Уладзімір Андрэйчанка акцэнтаваў асаблівую ўвагу на развіцці турызму паміж Беларуссю і Грузіяй. Паводле даных статыстыкі, калі ў 2010 годзе прыкладна 5 тыс. беларусаў наведалі Грузію, то ў 2018-м - ужо 65 тыс. "Думаю, што турыстычны напрамак трэба развіваць не толькі ў Грузію, але каб і ў Беларусь прыязджалі. І гэта не толькі пазнавальны, але і медыцынскі турызм. У нас добра развіта медыцына. Амаль 120 студэнтаў з Грузіі навучаюцца ў нашых медыцынскіх установах. Мы гатовы прыняць больш, у тым ліку ва ўстановы сельскагаспадарчага, эканамічнага профілю. Нашы вышэйшыя навучальныя ўстановы даюць дастойную адукацыю і каціруюцца на сусветным узроўні", - падкрэсліў ён.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў нагадаў, што ў студзені адзначылі 25-годдзе з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Грузіяй. "Але трэба прызнаць, што нашы добрыя адносіны маюць больш глыбокія карані. У аснове гэтых адносін дружба, узаемаразуменне, давер", - сказаў Уладзімір Андрэйчанка.

Як падкрэсліў Мамука Бахтадзэ, Беларусь для Грузіі з'яўляецца важным і надзейным партнёрам. "Калі гаварыць аб эканамічных адносінах, то афіцыйныя візіты Прэзідэнта Беларусі ў Грузію ў 2015 і 2018 гадах рэальна далі новы стымул іх развіццю. У нас дынаміка вельмі пазітыўная. Я ўпэўнены, што мы зможам у бліжэйшы час падвоіць тавараабарот паміж краінамі. З задавальненнем хачу адзначыць, што беларуская прадукцыя карыстаецца вялікай папулярнасцю ў нашага насельніцтва. У іншых сектарах эканомікі таксама ідзе добрая кааперацыя. Для нас важны ваш вопыт развіцця новых тэхналогій, інавацый", - дадаў ён.

Гаворачы аб актывізацыі супрацоўніцтва ў галіне турызму, Мамука Бахтадзэ адзначыў, што, калі "ёсць моцныя, надзейныя адносіны паміж народамі, заўсёды можна выбудаваць любыя мадэлі эканамічнага супрацоўніцтва".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
VI Усебеларускі народны сход