23 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь выступае за стварэнне пастаяннага фармату для дыялогу паміж ЕС і ЕАЭС. Адпаведную заяву міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей зрабіў у інтэрв'ю эканамічнаму выданню Усходняга камітэта германскай эканомікі "Osteuropa Informationen", паведамляе БЕЛТА.
Міністр адзначыў, што ідэя інтэграцыі інтэграцый, або кааперацыі інтэграцый, заключаецца ў тым, каб надаць збліжэнню ЕС і ЕАЭС комплексны і ўпарадкаваны характар з прыцэлам на канкрэтныя матэрыяльныя перавагі для абодвух саюзаў. "Такое збліжэнне дало б магчымасць умацаваць давер і развянчаць міф аб несумяшчальнасці і саперніцтве ўсходняй і хаходняй сістэм. Менавіта з-за гэтага міфа краіны аказваюцца перад выбарам паміж Захадам і Усходам на шкоду адносінам з тым ці іншым са сваіх партнёраў. Між тым у рэальнасці такога выбару не павінна быць у прынцыпе, і партнёрства двух інтэграцыйных аб'яднанняў павінна гэта пераканаўча прадэманстраваць", - падкрэсліў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.
Паводле яго слоў, пачаць трэба было б са стварэння пастаяннага фармату для дыялогу паміж ЕС і ЕАЭС. "У яго рамках можна было б вызначыць сферы першачарговага інтарэсу абодвух бакоў, напрыклад забеспячэнне сумяшчальнасці тэхнічных нарматываў і стандартаў вытворчасці прамысловай прадукцыі, санітарных і фітасанітарных нарматываў вытворчасці сельскагаспадарчых тавараў у інтарэсах пашырэння ўзаемнага гандлю. Многія тэхнічныя рэгламенты і стандарты ЕАЭС ужо распрацоўваюцца з улікам еўрапейскіх і міжнародных норм", - сказаў Уладзімір Макей.
Ён лічыць, што абодвум бакам было б выгадна актывізаваць супрацоўніцтва ў мытнай сферы, спрасціць умовы транспарціроўкі і кантролю грузаў. Сумеснае развіццё інфраструктуры аўтамабільных і чыгуначных магістралей кантынентальнага значэння магло б стаць адным з важных напрамкаў узаемадзеяння. Асаблівую актуальнасць мае спалучэнне транспартных сетак ЕАЭС, ЕС і ініцыяванага Кітаем праекта "Пояс і шлях". Вялікі патэнцыял Беларусь бачыць таксама ў стварэнні агульных рынкаў электраэнергіі і транскантынентальных оптавалакновых ліній сувязі.
Уладзімір Макей дадаў, што можна было б падумаць над выпрацоўкай узгодненых правіл паводзін у лічбавай галіне, якія садзейнічалі б развіццю электроннага гандлю і іншых беспапяровых транзакцый паміж краінамі двух саюзаў, а таксама садзейнічалі б лічбавым рашэнням у сферы транспарту і перавозкі пасажыраў. "Беларусь як удзельнік "Усходняга партнёрства", куды таксама ўваходзіць яшчэ адзін член ЕАЭС Арменія, а таксама краіна-наглядальнік у ЕАЭС Малдова, лічыць магчымым выкарыстоўваць фармат "Усходняга партнёрства" для пошуку рашэнняў найбольш актуальных праблем на стыку двух саюзаў і форм супрацоўніцтва паміж імі. Гэтыя задачы будуць у ліку прыярытэтаў беларускага старшынства ў ЕАЭС у 2020 годзе", - рэзюмаваў міністр.