31 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене Алена Купчына прыняла ўдзел у арганізаваным Упраўленнем ААН па наркотыках і злачыннасці мерапрыемстве, прысвечаным Сусветнаму дню барацьбы з гандлем людзьмі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства замежных спраў.
Выступаючы ад імя Беларусі і як старшыня 28-й сесіі Камісіі ААН па папярэджанні злачыннасці і крымінальным правасуддзі, Алена Купчына звярнула ўвагу на тыя намаганні, якія на працягу больш як 15 гадоў прыкладае наша краіна для актывізацыі міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы барацьбы з гандлем людзьмі.
Была падкрэслена важнасць захавання гэтай праблематыкі ў якасці адной з прыярытэтных у парадку дня Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, неабходнасць уліку і належнага рэагавання на сучасныя тэндэнцыі і формы гэтага віду злачыннасці, а таксама прадаўжэння канкрэтных дзеянняў па барацьбе з ёй на нацыянальным узроўні.
На мерапрыемстве выступіў выканаўчы дырэктар УНП ААН Юрый Фядотаў, у фармаце відэаканферэнцыі - пастаянны прадстаўнік Фіджы, прадстаўнікі няўрадавых арганізацый Італіі і Нігерыі. Былі таксама прадстаўлены відэазвароты кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў Балівіі, Дамініканскай Рэспублікі, Малаві і Малайзіі. Удзельнікі мерапрыемства расказалі аб перадавым вопыце процідзеяння гандлю людзьмі, існуючых праблемах і выкліках.
Сусветны дзень барацьбы з гандлем людзьмі абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН у 2013 годзе ў сувязі з неабходнасцю павышаць інфармаванасць аб становішчы ахвяр гандлю людзьмі, заахвочваць і абараняць іх правы. Ён адзначаецца штогод з 30 ліпеня 2014 года.