12 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь прапануе ААН зацвердзіць і ажыццявіць пасля 2016 года ініцыятыву "Дасягненне мэт устойлівага развіцця ў пацярпелых рэгіёнах праз партнёрства, інавацыі і інвестыцыі". На гэтай ідэі акцэнтаваў увагу намеснік міністра замежных спраў Валянцін Рыбакоў на пасяджэнні Міжустаноўскай групы ААН па Чарнобылі 11 красавіка ў штаб-кватэры арганізацыі ў Нью-Ёрку, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага МЗС.
Беларускі прадстаўнік прапанаваў таксама захаваць за ПРААН каардынуючую ролю ў міжнародным чарнобыльскім узаемадзеянні і прадоўжыць работу Міжустаноўскай групы ААН. "Удзельнікі пасяджэння групы разгледзелі асноўныя дасягненні міжнароднага чарнобыльскага ўзаемадзеяння ў ААН за апошнія гады. З улікам надыходзячай 30-й гадавіны трагедыі група абмеркавала прапановы па арганізацыі шматбаковага ўзаемадзеяння ў гэтай галіне на перыяд пасля 2016 года. Шэраг прапаноў быў раней падрыхтаваны ў рамках работы экспертаў, падагульняючая сустрэча якіх адбылася ў Мінску ў лютым бягучага года", - нагадалі ў прэс-службе.
У бліжэйшыя дні па ініцыятыве і пры ўдзеле Беларусі ў ААН пройдзе шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да гадавіны чарнобыльскай аварыі. Беларусь арганізуе тэматычную фотавыстаўку ў штаб-кватэры ААН. У дзень трыццацігоддзя трагедыі пройдзе спецыяльнае памятнае пасяджэнне Генеральнай Асамблеі ААН.
Група ААН па Чарнобылі каардынуе дзейнасць агенцтваў сістэмы ААН, іншых міжнародных арганізацый і зацікаўленых краін у галіне міжнароднага чарнобыльскага супрацоўніцтва. Старшынёй групы з'яўляецца Адміністратар Праграмы развіцця ААН Хелен Кларк. У склад групы ўваходзяць больш як дзесяць міжнародных арганізацый, уключаючы ПРААН, МАГАТЭ, СААЗ, ЮНЕП, ФАО, Сусветны банк. Пастаянныя ўдзельнікі групы - Беларусь, Расія і Украіна як найбольш пацярпелыя ад Чарнобыля краіны.