31 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і ЗША прадоўжаць работу па вяртанні паслоў. Аб гэтым заявіў сёння журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Уладзіміра Макея, на сустрэчы з памочнікам дзяржаўнага сакратара Злучаных Штатаў Амерыкі па еўрапейскіх і еўразійскіх справах Ааранам Уэсам Мітчэлам абмяркоўвалася ў тым ліку пытанне вяртання паслоў. "З гэтым звязаны шэраг момантаў, лагістычных, арганізацыйных. Мы дамовіліся, што будзем прадаўжаць разам работу па гэтых пытаннях", - сказаў кіраўнік МЗС.
Адказваючы на пытанне аб магчымых тэрмінах вяртання паслоў, міністр сказаў: "Давайце пачнём дыялог, будзем размаўляць, а тэрміны вырысуюцца самі сабой".
Паводле слоў Уладзіміра Макея, на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Ааранам Уэсам Мітчэлам таксама абмяркоўваўся ўвесь спектр пытанняў двухбаковых адносін краін. "Ёсць разуменне, што трэба рухацца далей, стараючыся пашырыць тую пазітыўную атмасферу, якая існуе на гэты момант у нашых адносінах", - рэзюмаваў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.