У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

1 Жнв 2019

Беларусь і Узбекістан маюць узаемнае жаданне развіваць супрацоўніцтва - Мірзіёеў

Беларусь і Узбекістан маюць узаемнае жаданне развіваць супрацоўніцтва - Мірзіёеў

1 жніўня, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Беларусь і Узбекістан маюць узаемнае жаданне развіваць супрацоўніцтва. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў у час перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у вузкім фармаце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Шаўкат Мірзіёеў адзначыў, што гэта першы ў гісторыі двухбаковых адносін візіт Прэзідэнта Узбекістана ў Беларусь і падрыхтоўка да яго была дасканалай з боку абедзвюх краін. "Ва ўсіх службах ёсць узаемнае вельмі сур'ёзнае жаданне супрацоўнічаць, - канстатаваў ён. - Цяпер трэба прайсці па тых кропках росту, дзе можам узаемадзейнічаць на перспектыву. У нас такіх вельмі шмат".

Шаўкат Мірзіёеў адзначыў, што перагаворы з беларускім лідарам, якія прайшлі 31 ліпеня, былі вельмі змястоўнымі, давернымі. "Мы вельмі падрабязна абмеркавалі выклікі і ўсё, што адбываецца ў свеце", - сказаў ён. На яго думку, рашэнні і дамоўленасці, дасягнутыя за 25 гадоў двухбаковых адносін, выконваюцца і даюць пазітыўны вынік. Разам з тым патэнцыял рэалізаваны не ў поўнай меры. "Той тавараабарот, які існуе, мы павінны нарасціць у разы, таму што для гэтага ёсць усе падставы", - упэўнены Прэзідэнт.

Адным з важных вынікаў візіту ён назваў актывізацыю прамых кантактаў паміж рэгіёнамі. "Самае галоўнае, што пачалі сустракацца нашы рэгіёны. Ім не трэба перашкаджаць, трэба дапамагаць рэгіёнам, адкрыць дарогу. Мы стварылі ім добрую базу для ўзаемных зносін", - сказаў Шаўкат Мірзіёеў.

Прэзідэнт асабліва падкрэсліў зацікаўленасць Узбекістана ў наладжванні кантактаў з беларускімі прадпрыемствамі. "Нам вельмі патрэбна кааперацыя. Беларусь у многіх галінах за гады незалежнасці дасягнула вялікіх поспехаў. Я заўсёды гавару членам урада, міжурадавай камісіі, што трэба часцей сустракацца, каб было менш папер, а больш выніку", - дадаў ён.

Сёння ў лідараў дзвюх краін ёсць добрая магчымасць абмяняцца меркаваннямі па шырокім коле пытанняў, у тым ліку і міжнародным парадку дня, адзначыў Шаўкат Мірзіёеў. Гэта мае важнае значэнне, паколькі Узбекістан знаходзіцца ў Цэнтральнай Азіі, а Беларусь размяшчаецца ў цэнтры Еўропы. "Праблемы, якія існуюць, вельмі падобныя", - лічыць узбекскі лідар.

Пазней на перагаворах у пашыраным складзе Шаўкат Мірзіёеў адзначыў, што адносіны паміж краінамі асабліва дынамічна развіваюцца ў апошнія гады. "Безумоўна, вырашальную ролю ў гэтым адыгрывае рэгулярны дыялог на вышэйшым узроўні і наша цвёрдая палітычная воля. Вынікі вашага, Аляксандр Рыгоравіч, мінулагодняга візіту ва Узбекістан сталі сапраўды прарыўнымі ва ўсіх напрамках. Зададзены новыя арыенціры далейшага практычнага супрацоўніцтва. Галоўнае - удалося стварыць спрыяльную атмасферу для ўсебаковага пашырэння даверных і ўзаемавыгадных адносін, - сказаў ён. - Мы многае зрабілі за апошнія некалькі гадоў, аднак патэнцыял і магчымасці для нашай будучай работы велізарныя".

Прэзідэнт Узбекістана запэўніў, што ў бліжэйшы час будзе абноўлена дарожная карта супрацоўніцтва дзвюх краін, каб замацаваць у ёй канкрэтныя даручэнні па вырашэнні праблемных пытанняў, якія абмяркоўваліся ў час яго візіту. У прыватнасці, гэта датычыцца выдзялення зямельнага ўчастка для арганізацыі сэрвіснага цэнтра абслугоўвання трактароў МТЗ, своечасовых разлікаў і фінансавання сумесных праектаў.

Паводле яго слоў, прадукцыю прамысловых гігантаў Беларусі, такіх як БелАЗ, МАЗ, МТЗ, ва Узбекістане добра ведаюць, яна з'яўляецца высакаякаснай і запатрабаванай. "Нам таксама ёсць што прапанаваць вам. Міжурадавай камісіі неабходна глыбока прааналізаваць гандлёвыя патокі і падрыхтаваць канкрэтныя прапановы, за кошт чаго мы можам у бліжэйшыя гады павялічыць тавараабарот у разы, - падкрэсліў Шаўкат Мірзіёеў. - За два гады аб'ём тавараабароту вырас амаль у 4 разы. Тэмпы, вядома, уражваюць. Разам з тым важна задзейнічаць усе рэзервы і дасягнуць збалансаванасці ўзаемнага гандлю".

У ліку прыярытэтаў супрацоўніцтва на бліжэйшую перспектыву ўзбекістанскі лідар назваў захаванне і нарошчванне дынамікі тавараабароту і прывядзення да адзіных стандартаў вядзення падлікаў аб'ёмаў узаемнага гандлю. Ёсць зацікаўленасць у стварэнні сумесных кластараў у сельскай гаспадарцы і тэкстыльнай галіне для сумеснага засваення рынкаў трэціх краін.

У час перагавораў прэзідэнты абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва ў рамках ЕАЭС, прамысловай кааперацыі, абмену тэхналогіямі. "Мы можам прапанаваць ёмісты ўнутраны рынак, а таксама найкарацейшы выхад на выключна перспектыўны рынак Афганістана, - прадоўжыў Шаўкат Мірзіёеў. - Аб'яднаўшы намаганні, Беларусь і Узбекістан маглі б унесці дастойны ўклад у аднаўленне гэтай шматпакутнай краіны".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс
Еўрапейскія гульні-2019 у Мінску