VI Усебеларускі народны сход
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

4 Чэр 2018

Беларусь і Індыя разлічваюць нарасціць тавараабарот да $1 млрд у 2020 годзе

Беларусь і Індыя разлічваюць нарасціць тавараабарот да $1 млрд у 2020 годзе

4 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Індыя разлічваюць нарасціць тавараабарот да $1 млрд у 2020 годзе, паведаміла сёння журналістам пасол Індыі ў Беларусі Сангіта Бахадур перад пачаткам беларуска-індыйскага бізнес-форуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Такія мерапрыемствы, як сённяшні форум, садзейнічаюць павелічэнню ўзаемнага тавараабароту паміж нашымі краінамі. У час візіту Прэзідэнта Беларусі ў Індыю ў мінулым годзе было аб'яўлена, што краінам трэба імкнуцца да дасягнення ўзроўню тавараабароту ў памеры $1 млрд. Пакуль гэта сума крыху большая за $400 млн, але ўсё робіцца для таго, каб дасягнуць гэтага калі не ў бягучым годзе, то на працягу 2019-2020 гадоў", - адзначыла пасол.

Як расказаў кіруючы дырэктар кампаніі Bajaj Industries Ltd Панкадж Баджадж, які ўзначальвае індыйскую дэлегацыю, асноўныя гандлёвыя пазіцыі цяпер - гэта экспарт беларускіх калійных угнаенняў, а з боку Індыі - пастаўкі ў Беларусь медыцынскага абсталявання і медыкаментаў. "Але такія пытанні, як авіязносіны і візавае пытанне, трэба дадаткова развіваць, каб дасягнуць існуючага патэнцыялу і павялічыць тавараабарот у 2, а то і ў 3 разы", - падкрэсліў ён.

Кіраўнік індыйскай дэлегацыі таксама пракаменціраваў планы па супрацоўніцтве індыйскага бізнесу з Беларуссю ў асаблівай эканамічнай зоне "Брэміна-Орша". "Важна, што такая ініцыятыва дасць магчымасць стварыць хаб, з якога можна будзе дастаўляць прадукцыю ў краіны Балтыі, Расію, Украіну. Гэта вельмі важная ініцыятыва і адна з асноўных тэм, якія абмяркоўваюцца на форуме", - сказаў ён. Індыйская дэлегацыя ў час свайго візіту плануе наведаць Оршу.

Панкадж Баджадж таксама звярнуў увагу, што беларускія кампаніі змогуць удзельнічаць у праграме Make in India. "Гэта амбіцыйны праект, і Беларусі ёсць чаму павучыць Індыю. Ёсць сферы, дзе ваша краіна традыцыйна моцная - гэта, напрыклад, вытворчасць сельгасабсталявання, ільновалакна. Індыйскія кампаніі змогуць пераймаць вопыт у Беларусі", - канстатаваў ён.

Дырэктар ТАА "Брэміна груп" Васіль Дземянцей расказаў падрабязней пра будаўніцтва мультымадальнага прамыслова-лагістычнага комплексу ў пасёлку Балбасава, дзе плануецца стварыць асаблівую эканамічную зону "Брэміна-Орша". "Першыя крокі ў Індыю мы зрабілі ў верасні мінулага года. Сённяшні прыезд індыйскага бізнесу - гэта вынікі той работы, якая была праведзена пасля візіту кіраўніка дзяржавы, мы ўжо больш прадметна зможам расказаць ім аб нашым праекце, акрамя таго, заўтра звозім іх у Оршу", - растлумачыў ён.

Паводле слоў Васіля Дземянцея, да канца лета павінен быць падпісаны ўказ аб стварэнні асаблівай эканамічнай зоны "Брэміна-Орша", якая стане другой такой зонай пасля парка "Вялікі камень". "Сёння ў нас там актыўна ідзе будаўніцтва першай чаргі праекта: да канца года запусцім аўтамабільны тэрмінал і створым усе неабходныя ўмовы для работы мытных, пагранічных, фітасанітарных і ветэрынарных службаў. Чыгуначны тэрмінал таксама спраектаваны", - паведаміў ён.

Дырэктар "Брэміна груп" расказаў, што да канца года плануецца ўкласці ў праект больш як Br40 млн. "Паэтапна недзе на Br360 млн мы павінны выйсці, але ўжо бачым, што там могуць быць дадатковыя вытворчасці, у тым ліку і з індыйскімі партнёрамі. Будзем сёння іх абмяркоўваць", - рэзюмаваў ён.

У Беларускай гандлёва-прамысловай палаце 4 чэрвеня праходзіць беларуска-індыйскі бізнес-форум. Мерапрыемства праводзіцца БелГПП сумесна з Канфедэрацыяй індыйскай прамысловасці. У мерапрыемстве прымаюць удзел прадстаўнікі больш як 50 беларускіх прадпрыемстваў і 15 індыйскіх кампаній - членаў канфедэрацыі.

У ходзе бізнес-форуму разглядаюцца перспектыўныя напрамкі беларуска-індыйскага гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, праходзяць перагаворы паміж дзелавымі коламі дзвюх краін аб магчымасцях супрацоўніцтва ў сферах хімічнай прамысловасці, будаўніцтва, вытворчасці тэхналагічнага абсталявання, прымянення інфармацыйных тэхналогій у галіне фінансаў, вытворчасці трактароў, аўтамабільнай тэхнікі, угнаенняў, энергетыкі, адукацыі і ІТ, металургіі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
VI Усебеларускі народны сход