16 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Латвія павінны актыўна выкарыстоўваць свой транзітны патэнцыял, заявіў беларускі прэм'ер-міністр Сяргей Румас сёння на сустрэчы з латвійскім калегам Крыш'янісам Карыньшам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Як суседзі і адначасова краіны з высокім транзітным патэнцыялам мы павінны выбудоўваць канструктыўны прагматычны дыялог і актыўна выкарыстоўваць перавагі свайго геапалітычнага становішча. Транспартна-лагістычная сфера заўсёды была стратэгічным напрамкам нашага супрацоўніцтва", - сказаў Сяргей Румас.
Прэм'ер-міністр прапанаваў абмеркаваць на сённяшняй сустрэчы "напрамкі, дзе можам дабавіць у нашым супрацоўніцтве". Паводле яго слоў, у Беларусі і Латвіі добрая дынаміка ўзаемадзеяння ў сферах IT, турызму. "У Беларусі створаны беспрэцэдэнтныя ўмовы для развіцця бізнесу ў Парку высокіх тэхналогій, індустрыяльным парку "Вялікі камень". І мы бачым цікавасць, якую латвійскі бізнес выказвае да гэтых паркаў", - дадаў кіраўнік беларускага ўрада.
Сяргей Румас адзначыў, што Латвія традыцыйна ўваходзіць у лік важнейшых гандлёвых партнёраў і інвестараў у Беларусі. "Упэўнены, што той невялікі спад ва ўзаемным тавараабароце, які мы назіралі ў 2019 годзе, паспяхова пераадолеем у бягучым годзе. Тым больш што акрамя традыцыйных сфер супрацоўніцтва ў нас актыўна развіваюцца новыя высокатэхналагічныя напрамкі, добры ўзровень узаемадзеяння адзначаецца ў інвестыцыйнай сферы, устойліва расце колькасць сумесных бізнес-праектаў", - сказаў прэм'ер-міністр.
Паводле яго слоў, паспяхова рэалізуецца міжурадавы план мерапрыемстваў на сярэднетэрміновую перспектыву, які аб'ядноўвае асноўныя напрамкі сумеснай работы - ад транспарту і лагістыкі да медыцыны і адукацыі. "Гэты план - добрая аснова для работы беларуска-латвійскай камісіі па гандлёва-эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве", - лічыць Сяргей Румас.