У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

26 Крс 2019

Беларусь і Кітай дамовіліся абмеркаваць новыя перспектыўныя праекты - Макей

Беларусь і Кітай дамовіліся абмеркаваць новыя перспектыўныя праекты - Макей

26 красавіка, Пекін /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь і Кітай плануюць абмеркаваць рэалізацыю новых перспектыўных праектаў, якія дадуць магчымасць вывесці як двухбаковае супрацоўніцтва, так і ўзаемадзеянне ў рамках ініцыятывы "Пояс і шлях" на новы ўзровень. Аб гэтым журналістам расказаў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Што датычыцца нашых двухбаковых - гандлёва-эканамічных, палітычных адносін, яны развіваюцца паступальна, і ў нас, як гэта было адзначана на сустрэчы нашага Прэзідэнта са Старшынёй КНР, абсалютна няма ніякіх праблем. Мы падтрымліваем адзін аднаго ў міжнародных арганізацыях. У нас высока развітая дагаворна-прававая база, і ў ходзе гэтага візіту было падпісана больш за два дзясяткі не толькі пагадненняў, але і канкрэтных бізнес-кантрактаў, дамоўленасцей аб супрацоўніцтве ў фінансавай сферы, - сказаў міністр. - І ў час сустрэчы са Старшынёй КНР, і з намеснікам старшыні КНР Ван Цішанем мы гаварылі аб перспектывах нашых адносін. Ёсць разуменне, што трэба будзе ў бліжэйшы час правесці пасяджэнне сумеснага камітэта па супрацоўніцтве і на гэтым пасяджэнні абмеркаваць канкрэтныя праекты, якія сапраўды будуць арыентаваны на перспектыву і дадуць нам магчымасць выйсці на новы ўзровень супрацоўніцтва".

Паводле слоў Уладзіміра Макея, у час сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Сі Цзіньпінам была асабліва падкрэслена неабходнасць у большай ступені пераходзіць у двухбаковым супрацоўніцтве ад простага гандлю да інвестыцыйнага ўзаемадзеяння. "Гэта дакладна прагучала. Таму я думаю, што пасля гэтага візіту ў нас сапраўды адкрываюцца новыя больш шырокія і маштабныя перспектывы. У тым ліку ў рамках ініцыятывы "Пояс і шлях", - упэўнены міністр.

Ён адзначыў развіццё індустрыяльнага парка "Вялікі камень", які быў названы жамчужынай "Пояса і шляху", і гэты парк становіцца міжнародным - у ім ужо зарэгістраваны рэзідэнты з шэрага краін. Яшчэ адзін прыклад дынамікі ў развіцці супрацоўніцтва - рост у некалькі разоў аб'ёмаў кантэйнерных перавозак цераз Беларусь за апошнія гады. Краіна не толькі забяспечвае надзейны транзіт, але і карыстаецца гэтай магчымасцю для развіцця паставак у рамках беларуска-кітайскага гандлю.

"Што датычыцца самой ініцыятывы "Пояс і шлях", то мы адназначна з'яўляемся прыхільнікамі актыўнага ўдзелу ў ёй, таму што Беларусі гэта прыносіць канкрэтныя дывідэнды. Як у выглядзе канкрэтных праектаў, якія рэалізуюцца і будуць рэалізоўвацца ў Беларусі, так і ў выглядзе ўдзелу Беларусі ў шэрагу праектаў на ўсёй працягласці "Пояса і шляху". Таму для нас гэта вельмі выгадна", - падкрэсліў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.

У Пекіне ў Прэзідэнта Беларусі ўжо адбыўся шэраг двухбаковых кантактаў, у тым ліку на палях форуму. Прайшлі асобныя сустрэчы з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым і Прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам. "Падведзены вынікі супрацоўніцтва на сённяшні дзень. Дасягнуты канкрэтныя дамоўленасці аб актывізацыі кантактаў на перспектыву. Плануецца візіт да нас Прэзідэнта Узбекістана летам гэтага года і візіт Прэзідэнта Беларусі ў Сербію ў чацвёртым квартале бягучага года. Дамовіліся аб правядзенні сумесных міжурадавых камісій, бізнес-форумаў. Ёсць дакладнае разуменне таго, што нам сапраўды трэба паскорыць рэалізацыю тых дамоўленасцей і праектаў, якія цяпер знаходзяцца на паперы або пачалі ўжо рэалізоўвацца", - расказаў Уладзімір Макей.

"Наш Прэзідэнт асабліва падкрэсліў, што мы павінны зыходзіць з выніковасці кантактаў на вышэйшым узроўні. Мы, зразумела, будзем выконваць гэту ўстаноўку", - дадаў міністр.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс