16 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская АЭС адпавядае ўсім патрабаванням экалагічнай і радыяцыйнай бяспекі, заявіў на брыфінгу ў прэс-цэнтры БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення дзяржаўнай экалагічнай экспертызы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Васіль Каваленка.
"Праектная дакументацыя па будаўніцтве Беларускай АЭС праходзіла дзяржаўную экалагічную экспертызу, было атрымана станоўчае заключэнне. Пры правядзенні праектна-разведвальных работ была выканана ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, праведзены ўсе неабходныя даследаванні і працэдуры, - падкрэсліў Васіль Каваленка. - Беларусь як ніякая іншая краіна зацікаўлена ў бяспецы і надзейнасці работы атамнай электрастанцыі".
Паводле яго слоў, Беларусь для будаўніцтва АЭС выбрала самы надзейны праект АЭС-2006 пакалення "тры плюс". У ім прадугледжаны актыўныя і пасіўныя сістэмы бяспекі, двайная ахоўная абалонка. Праект адпавядае ўсім патрабаванням бяспекі і рэкамендацыям МАГАТЭ.
Беларуская АЭС - праект па будаўніцтве атамнай электрастанцыі тыпу ВВЭР-1200, які рэалізуецца за 18 км ад Астраўца (Гродзенская вобласць). БелАЭС будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2400 (2х1200) МВт.