Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

10 Кст 2013

Барыс Святлоў: "Залаты шлягер" стаў знакавай падзеяй для Беларусі

Барыс Святлоў:

11 кастрычніка, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. Міжнародны музычны фестываль "Залаты шлягер" стаў знакавай культурнай падзеяй для Беларусі. Аб гэтым заявіў на ўрачыстым адкрыцці 13-га музычнага форуму ў Магілёве міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гэты музычны форум збірае разам артыстаў, якія складаюць залаты фонд савецкай песні, захоўвае і прадаўжае лепшыя традыцыі музычнай культуры ў песенным жанры, аб'ядноўвае культурную прастору краін СНД і далёкага замежжа, рэалізуе ідэі пераемнасці пакаленняў дзеячаў культуры і мастацтва", - падкрэсліў Барыс Святлоў.

Паводле слоў старшыні Магілёўскага аблвыканкама Пятра Рудніка, фестываль "Залаты шлягер" стаў сапраўднай візітнай карткай Магілёва, заняў пачэснае месца ў культурным жыцці краіны. З кожным годам пашыраюцца формы правядзення канцэртаў і іх жанравая тэматыка. У фестывалі ў розны час удзельнічалі прызнаныя майстры сусветнага мастацтва больш як з 25 краін свету. "Наш фестываль адрозніваецца ад іншых музычных форумаў тым, што тут заўсёды пануе асабліва цёплая, амаль дамашняя атмасфера. Канцэрты музычнага форуму чакаюць з нецярпеннем і наведваюць тысячы гледачоў самых розных узростаў. Яны часта спяваюць разам з выканаўцамі, паколькі многія песні ўжо сталі хітамі, яны абуджаюць сапраўдныя чалавечыя пачуцці", - адзначыў губернатар.

Міжнародны музычны форум пастаянна пашырае геаграфію і творчую палітру, знаёміць з новымі імёнамі і напрамкамі ў музыцы і мастацтве. І сёння на XIII фестывалі сабраны цудоўны эстрадны кактэйль з розных стыляў і напрамкаў. "Перакананы, што ён не пакіне нікога абыякавым, і мы зможам усе разам атрымаць асалоду ад яго выдатнага "смаку". Гэта будзе яшчэ адзін з самых яркіх акордаў у праграме Культурнай сталіцы Беларусі і СНД, якой у 2013 годзе стаў Магілёў", - сказаў Пётр Руднік.

Прадаўжаючы залатую традыцыю, у гэтым годзе арганізацыйны камітэт фестывалю заявіў зорную кампанію. У афішы шматгранная палітра выканаўцаў. Так, на канцэрце зорак сусветнага і беларускага джаза ўнікальную віртуозную тэхніку ігры на гітары прадэманстраваў вядомы амерыканскі музыкант Стэнлі Джордан, а на ўрачыстым адкрыцці фестывалю прагучалі хіты легендарнай групы Boney M. Праграмай музычнага форуму запланаваны разнастайныя канцэрты з удзелам знакамітых гасцей, сярод якіх народныя артысты Беларусі Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, народны артыст Малдовы Канстанцін Масковіч, зоркі расійскай эстрады Крысціна Арбакайтэ, Радзівон Газманаў, Лайма Вайкуле, Юрый Антонаў і іншыя.

Міжнародны музычны фестываль "Залаты шлягер" упершыню быў арганізаваны ў лістападзе 1995 года пры падтрымцы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Ідэя фестывалю ўзнікла з жадання захаваць і прадоўжыць лепшыя традыцыі музычнай культуры ў песенным жанры. Фестываль праводзіцца ў Магілёве адзін раз у два гады. У гэтым годзе на музычным форуме адроджаны конкурс маладых эстрадных выканаўцаў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі