12 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пытанне бязвізавага ўезду ў Беларусь замежных грамадзян для лячэння ў санаторыях не знята з парадку дня. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.
"Гэта пытанне разглядаецца. Цяпер указ знаходзіцца на стадыі ўзгаднення. Тэма не здымаецца з парадку дня", - сказаў Генадзь Балбатоўскі.
Кіраўнік цэнтра канстатаваў усё большую цікавасць замежных грамадзян да аздараўлення ў беларускіх здраўніцах. Так, за студзень-чэрвень бягучага года ў санаторыях краіны пабывалі больш як 95 тыс. іншаземцаў, у той час як за аналагічны перыяд мінулага года - 79 тыс. гасцей. Экспарт паслуг павялічыўся амаль на 30 працэнтаў.
У цяперашніх умовах беларускія санаторыі імкнуцца дыверсіфікаваць экспарт паслуг, асвойваць новыя напрамкі. Асаблівы акцэнт зроблены на тым, каб на аснове традыцыйнага выкарыстання прыродна-лячэбных фактараў укараняць запатрабаваныя спажыўцамі (у тым ліку замежнымі грамадзянамі) паслугі, а таксама формы і методыкі лячэння. Практычна ўсе санаторыі прадастаўляюць амаль 200 паслуг. Найбольш запатрабаваны ў іншаземцаў санаторыі першай катэгорыі, якія маюць сучасную матэрыяльна-тэхнічную і лячэбную базу.