4 мая, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Аўстрыя гатова садзейнічаць развіццю пазітыўнай дынамікі адносін Беларусі і ЕС. Аб гэтым заявіў сёння на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам федэральны міністр па пытаннях Еўропы, інтэграцыі і замежных спраў Аўстрыі Себасцьян Курц, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Себасцьян Курц адзначыў, што на сустрэчы з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем у лістападзе мінулага года дасягнута дамоўленасць, што бакі пастараюцца надаць дынаміку развіццю адносін Беларусі з Аўстрыяй і ў цэлым пастараюцца ўнесці ўклад у развіццё пазітыўнай дынамікі адносін паміж Беларуссю і Еўрасаюзам.
Цяпер няпростыя часы, асабліва для ўсходніх суседзяў Еўрасаюза, паколькі існуе занепакоенасць крызіснай сітуацыяй ва Украіне, звярнуў увагу Себасцьян Курц. Паводле яго слоў, адчуваецца пэўная напружанасць, якая ўплывае і на сітуацыю ў рэгіёне ў цэлым.
Федэральны міністр падкрэсліў, што знаходзіцца ў Беларусі ў знамянальныя дні. "Я ўсведамляю, якія страты панесла Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны", - сказаў ён. Себасцьян Курц дадаў, што на тэрыторыі Беларусі была знішчана вялікая колькасць людзей, вывезеных з Аўстрыі. Міністр адзначыў, што збіраецца скарыстацца магчымасцю ўшанаваць памяць загінулых.
Гаворачы аб двухбаковых адносінах, ён звярнуў увагу на цесныя кантакты Беларусі і Аўстрыі ў эканоміцы.