Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

26 Снж 2017

Анфімаў: Усмешкі дзяцей - лепшы вынік работы дзяржавы

Анфімаў: Усмешкі дзяцей - лепшы вынік работы дзяржавы

26 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Лепш за ўсё аб шчырым клопаце дзяржавы аб дзецях-сіротах сведчаць іх усмешкі. Такое меркаванне выказаў 26 снежня старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Леанід Анфімаў у Ждановіцкім дзіцячым доме, які ён наведаў у час рэспубліканскай акцыі "Нашы дзеці", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік КДК расказаў, што ехаў на чарговую сустрэчу ў падшэфны дзіцячы дом з дваякім пачуццём. "З аднаго боку, пачуццё горычы, што ад нейкіх дзяцей адмовіліся бацькі, нейкіх давялося забраць з сям'і. Але таксама перапаўняе радасць, што гэтыя дзеці не выкінуты з жыцця: у гэтым дзіцячым доме ім падарылі душэўнае цяпло, - адзначыў Леанід Анфімаў. - Немагчыма прымусіць дзіця ўсміхацца проста таму, што прыехалі госці. Яны ўсміхаюцца, паколькі акружаны шчырай любоўю і клопатам, таму што ім тут доба, яны шчаслівыя".

Таксама ён падкрэсліў, што асаблівы кантынгент дзяцей, якія па волі лёсу апынуліся ў Ждановіцкім дзіцячым доме, прымушае яго заставацца верным гэтай установе. "Калі я ўпершыню тут пабываў, зразумеў, што заўсёды сюды буду прыязджаць. Вы бачылі адносіны гэтых дзяцей да дарослых - гэта выключная шчырасць і непадробная радасць. Гэта прымушае вяртацца, цягнуцца да такіх дзяцей, якія даросламу чалавеку інстынктыўна давяраюць і імкнуцца пад яго абарону".

Госці, а гэта не толькі кіраўніцтва КДК, але і прадстаўнікі Мінскага аблвыканкама, пераступіўшы парог дзіцячых пакояў, адчулі прыхільнасць дзяцей. Зазірнуўшы ў кожны куток дзіцячага дома, яны пераканаліся, што ў дзяцей тут ёсць усё неабходнае для гарманічнага развіцця. У распараджэнні дзяцей сэнсарны пакой, пакой сацыяльнай адаптацыі, кабінеты настаўнікаў-дэфектолагаў, фізкультурная зала.

Леанід Анфімаў падзякаваў работнікам Ждановіцкага дзіцячага дома за іх вельмі няпростую і высакародную працу і падарыў машыну па ачыстцы агародніны. А выхаванцы дзіцячага дома атрымалі наборы ласункаў і мяккія цацкі.

Абмен падарункамі стаў кульмінацыяй чароўнай казкі, якую падрыхтавалі разам педагогі і дзеці. Яны з гасцямі вадзілі карагоды вакол галоўнай ёлкі. Радасныя твары і непасрэднасць дзяцей прымусілі дарослых на час забыць аб клопатах і паверыць у цуды. Паколькі і тыя, і іншыя могуць адзін для аднаго стаць сапраўднымі чараўнікамі, падарыўшы ўсмешкі, любоў і сям'ю. Дарэчы, яе за 2017 год знайшлі тры хлопчыкі: аднаго ўсынавілі, яшчэ дваіх забралі ў апякунскую і прыёмную сем'і.

Цяпер у Ждановіцкім дзіцячым доме знайшлі цяпло і ўтульнасць 24 дзіцяці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ва ўзросце з 3 да 7 гадоў (4 сіраты і 20 дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў). Як адзначыла дырэктар установы Тамара Красоўская, з моманту адкрыцця дашкольнай установы (у 1981 годзе) 51 выхаванец быў уладкаваны ў сем'і.

Удзел работнікаў Камітэта дзяржаўнага кантролю ў навагодняй дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" стаў добрай традыцыяй. За гэтыя гады, зыходзячы з пажаданняў падшэфных, для ўстановы за кошт асабістых сродкаў работнікаў Камітэта дзяржкантролю былі куплены дываны, тэлевізар, пральная машына, пыласосы. І гэта не лічачы салодкіх падарункаў.

Навагодняя дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" стартавала ў Беларусі 11 снежня і прадоўжыцца па 10 студзеня. Дабрачынны марафон праходзіць пад патранатам Прэзідэнта Беларусі. У час акцыі кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, прадпрыемстваў і арганізацый наведваюць дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, апякунскія і прыёмныя сем'і, дзіцячыя бальніцы, аказваюць ім дапамогу ў вырашэнні існуючых праблем, уручаюць дзецям падарункі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі