5 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Палітычныя кантакты Беларусі і Польшчы знаходзяцца на ўздыме, заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка на сустрэчы з маршалкам Сената Польшчы Станіславам Карчэўскім, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Апошнім часам нашы палітычныя кантакты, у тым ліку парламенцкія, знаходзяцца на ўздыме", - сказаў Уладзімір Андрэйчанка. У прыватнасці, з візітам у Беларусі пабываў віцэ-маршалак Сейма Польшчы Рышард Цярлецкі. Візіт прайшоў вельмі канструктыўна і плённа.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што канструктыўныя і добрасуседскія адносіны з Польшчай заўсёды былі і застаюцца прыярытэтам для Беларусі. Беларускі бок цэніць пазітыўныя тэндэнцыі, якія назіраюцца апошнім часам у развіцці ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Польшчай, паміж парламентамі дзвюх краін. "Мы лічым, што вельмі шмат упусцілі ў развіцці нашага супрацоўніцтва - і ў галіне турызму, і чалавечых адносін, у развіцці прыгранічнага супрацоўніцтва, гандлёва-эканамічнага, інвестыцыйнага. Гэты візіт надасць новы дадатковы імпульс нашым адносінам", - упэўнены Уладзімір Андрэйчанка.
Пытаннямі гандлёва-эканамічных адносін парламентарыі павінны актыўней займацца, лічыць спікер. У якасці прапановы прагучала, што польскія і беларускія дэпутаты могуць прымаць удзел у рабоце беларуска-польскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.
Уладзімір Андрэйчанка анансаваў абнаўленне ў бліжэйшы час складу парламенцкай групы дружбы з Польшчай, паколькі ў рэспубліцы пачаў работу новы парламент.