19 красавіка, Мінск /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Беларусь нязменна выступае за ўмацаванне бяспекі ў рэгіёне і гатова да партнёрства ў самых розных фарматах. Аб гэтым заявіў сёння старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка ў час пленарнага пасяджэння першай нарады спікераў парламентаў краін Еўразіі, што праходзіць у Маскве, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.
Уладзімір Андрэйчанка, у прыватнасці, звярнуў увагу на рост напружанасці ў свеце, колькасць рэгіянальных канфліктаў, якія пастаянна відазмяняюцца. Сярод іх - сітуацыя ў Данбасе, праблема "Ісламскай дзяржавы", канфлікт у Сірыі, дэстабілізацыя ў Афганістане, патокі мігрантаў у Еўропе, тэракты ў сталіцах шэрага краін. "Пры гэтым відавочна недастатковая здольнасць сусветнай супольнасці своечасова рабіць эфектыўныя крокі, накіраваныя на ўрэгуляванне канфліктаў. Нярэдка месца дыялогу займае імкненне шэрага сусветных лідараў вырашаць праблемы толькі зыходзячы са сваіх інтарэсаў і амбіцый. Вынікам такога падыходу з'яўляецца палітыка, заснаваная на прынцыпе "хто не з намі, той супраць нас", - сказаў спікер.
Ён са шкадаваннем канстатаваў, што сусветныя інтэграцыйныя працэсы пакуль яшчэ маюць вельмі супярэчлівы характар і замест узаемадзеяння розных мадэлей інтэграцый часта назіраецца іх канкурэнцыя. "Існуючая сітуацыя толькі пацвярджае актуальнасць з'яднання міжнароднай супольнасці. У сувязі з гэтым цяжка не згадзіцца з меркаваннем Сяргея Нарышкіна, выказаным на пасяджэнні Савета Парламенцкай асамблеі АДКБ у Ерэване, што ў сучасных умовах процідзеянне міжнароднаму тэрарызму, нелегальнай міграцыі, наркабізнесу, аргзлачыннасці прадугледжвае шырокае супрацоўніцтва АДКБ з іншымі міжнароднымі рэгіянальнымі арганізацыямі. Беларусь, якая нязменна выступае за ўмацаванне бяспекі ў рэгіёне і свеце і робіць для гэтага ўсё, што ад яе залежыць, гатова да партнёрства ў гэтай сферы ў самых розных фарматах", - запэўніў Уладзімір Андрэйчанка. Ён таксама ўдакладніў, што мае на ўвазе АДКБ і АБСЕ, дзе Беларусь з'яўляецца паўнапраўным і адказным членам, Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва (ШАС), Нараду па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі (НУМДА), у якіх краіна атрымала статус наглядальніка.