Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

18 Mar 2014

Анатоль Тозік: Беларусь гатова да правядзення чэмпіянату свету па хакеі

Анатоль Тозік: Беларусь гатова да правядзення чэмпіянату свету па хакеі

18 сакавіка, Мінск /Таццяна Грыгаровіч - БЕЛТА/. Беларусь гатова да правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў маі 2014 года, заявіў 18 сакавіка намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Асноўныя вынікі праведзенай работы даюць падставы для высновы аб тым, што Беларусь, і ў прыватнасці Мінск, гатовы да правядзення чэмпіянату свету па хакеі, - сказаў віцэ-прэм'ер. - Гатовы дзве арэны, рэканструяваны і падрыхтаваны да здачы ў эксплуатацыю будынак Нацыянальнага аэрапорта, створаны камфортныя ўмовы для пражывання ўдзельнікаў і гасцей чэмпіянату. Таксама прыняты меры для належнага медыцынскага, інфармацыйнага, турыстычнага, транспартнага і культурнага забеспячэння ўдзельнікаў і гасцей чэмпіянату. Гатовы для аказання неабходнага аб'ёму паслуг прадпрыемствы грамадскага харчавання і вытворцы сувенірнай прадукцыі, створаны неабходныя ўмовы для зручнага ўезду-выезду ўдзельнікаў і гасцей форуму ў пунктах пропуску на дзяржаўнай граніцы".

Асаблівая ўвага, паводле слоў віцэ-прэм'ера, удзяляецца пытанням забеспячэння бяспекі як у месцах правядзення асноўных мерапрыемстваў чэмпіянату, так і ў цэлым у Мінску і рэспубліцы.

"Разам з тым няма ніякіх падстаў для самазаспакаення і аслаблення сістэмнай і мэтанакіраванай работы па падрыхтоўцы да чэмпіянату свету", - адзначыў Анатоль Тозік, маючы на ўвазе шэраг праблемных пытанняў. Так, да гэтага часу не ўведзены ў строй 12 з 14 гасцініц, якія планавалася адкрыць да пачатку чэмпіянату. У распараджэнне Дырэкцыі па правядзенні чэмпіянату не пастаўлены 28 з 30 аўтобусаў МАЗ. Па графіку гэта неабходна было зрабіць да 15 сакавіка. Не вызначаны падыходы па рэалізацыі алкагольных, слабаалкагольных напіткаў і піва на спартыўных аб'ектах, а таксама на тэрыторыях фан-зон і зон гасціннасці. Асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць стану прыдарожнага сэрвісу.

"Неабходна разгледзець і прыняць на аргкамітэце план мерапрыемстваў па рэалізацыі прынцыпу "Чэмпіянат свету па хакеі 2014 года ў Мінску без тытунёвага дыму", - прадоўжыў віцэ-прэм'ер. Гэта ініцыятыва належыць Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.

Няма пакуль яснасці і адносна прысутнасці на чэмпіянаце кіраўнікоў краін і ўрадаў. Міністэрства замежных спраў Беларусі накіравала 62 запрашэнні ад імя Прэзідэнта краіны і беларускага ўрада.

Такім чынам, падагульніў Анатоль Тозік, у час, які застаўся да чэмпіянату, трэба ўдзяліць увагу дэталям. "Калі мы не зробім гэтага, то дэталі могуць сур'ёзна сапсаваць уражанне як аб краіне, так і аб праведзенай намі за пяць гадоў рабоце", - падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

Прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч у сваю чаргу заклікаў усіх працаваць вельмі ініцыятыўна і не чакаць асаблівых даручэнняў. "Кожны ведае кола сваіх абавязкаў, - сказаў ён. - Мы не раз разглядалі гэтыя пытанні на пасяджэннях аргкамітэта, на Прэзідыуме Савета Міністраў, прыняты адпаведныя рашэнні".

Кіраўнік урада падкрэсліў, што цяпер трэба разглядаць не толькі пытанні, звязаныя з адкрыццём і правядзеннем самога чэмпіянату: "Неабходна ўдзяліць увагу і тым пытанням, якія стаяць побач. У першую чаргу гэта пытанні бяспекі, асабліва ў месцах масавага збору людзей, пытанні высокай культуры абслугоўвання і зацікаўленага стаўлення да ўсіх мерапрыемстваў, гасцей і ўдзельнікаў чэмпіянату".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі