Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

17 Apr 2013

Анатоль Калінін: Функцыянаванне Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку станоўча паўплывае на эканоміку Беларусі

Анатоль Калінін: Функцыянаванне Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку станоўча паўплывае на эканоміку Беларусі

17 красавіка, Смалявічы /Таццяна Грыгаровіч - БЕЛТА/. Функцыянаванне Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку станоўча паўплывае на эканоміку Беларусі. Такое меркаванне выказаў 17 красавіка журналістам намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін у час наведвання Мінскага абласнога тэхнапарка ў Смалявічах, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Анатоль Калінін перакананы, што гэты індустрыяльны парк "павінен быць". "Ён не накладзе ніякіх адмоўных адбіткаў на эканоміку, а наадварот адыграе станоўча, - лічыць намеснік прэм'ер-міністра. - Калі мы недзе штосьці ўшчыльнім, асушым дзесьці балоты, каб яго пабудаваць, то гэта будзе толькі станоўчы момант для нашай эканомікі. Гэта будзе развіццё, бо тут будуць укаранёны самыя перадавыя тэхналогіі пятага, шостага пакалення".

Каменціруючы сітуацыю, звязаную з хваляваннем грамадзян наконт узвядзення гэтага аб'екта, Анатоль Калінін выказаў меркаванне, што ўсе яны тлумачацца звычайнай адсутнасцю інфармаванасці.

З гэтым згодны і першы намеснік генеральнага дырэктара кітайска-беларускага СЗАТ "Кампанія па развіццю індустрыяльнага парку" Кірыл Карацееў. "Мы разумеем настрой грамадскасці, - сказаў ён у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА перад пачаткам грамадскага абмеркавання горадабудаўнічага праекта "Генеральны план Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку". - Для Беларусі гэта першы такі праект, таму, зразумела, пытанні ўзнікаюць". Для таго каб супакоіць грамадзян, не выключаецца магчымасць стварэння пры адміністрацыі індустрыяльнага парку грамадскага камітэта, члены якога ад грамадскасці маглі б выказваць прапановы, агучваць сваю пазіцыю. "У нас ёсць міжведамаснае пагадненне з кітайскім бокам, якое прадугледжвае, што кітайцы створаць пры адміністрацыі падобны камітэт з кітайскімі экспертамі. Нічога не перашкаджае нам стварыць аналагічную структуру, толькі ўжо грамадзянскага ўзору", - сказаў Кірыл Карацееў.

Апасенні грамадзян у сувязі з будаўніцтвам парку, паводле яго слоў, выкліканы тым, што ў іх уяўленні індустрыяльны парк прадугледжвае "брудную вытворчасць". Існуе таксама стэрэатып, якім абумоўлены недавер да ўсяго кітайскага. "Той Кітай ужо ў мінулым. Сёння краіна развіваецца зусім па іншым шляху", - падкрэсліў субяседнік. Да таго ж, урадам створаны механізмы стрымлівання і процівагі, тут будуць развівацца такія напрамкі, як электроніка, біятэхналогіі, дакладнае машынабудаванне і іншыя, гэта значыць, фактычна чыстая вытворчасць. Непажаданых для краіны вытворчасцей не дапусціць і адміністрацыя парку. Кірыл Карацееў дадаў, што пэўныя патрабаванні да вытворчасці прапісаны ў генплане.

Два тыдні таму матэрыялы горадабудаўнічага праекта "Генеральны план Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку" былі вынесены на грамадскае абмеркаванне. Яго ўдзельнікі маглі накіроўваць пісьмовыя заўвагі і прапановы, у тым ліку аб найбольш рацыянальных спосабах рэалізацыі праекта. Яны таксама мелі права праводзіць яго прафесійную незалежную экспертызу. Сёння ў Смалявічах прайшла сустрэча арганізатара і распрацоўшчыка генплана з зацікаўленай грамадскасцю.

Як расказаў Кірыл Карацееў, першапачаткова канцэпцыю генплана рыхтавалі кітайскія карпарацыі, праектныя інстытуты, якія маюць каласальны вопыт, і ўжо на аснове гэтай канцэпцыі беларускія спецыялісты (УП "БелНДІгорадабудаўніцтва") распрацавалі генеральны план. Калі заказваўся праект, ставіліся дзве асноўныя мэты: па-першае, трэба было ўлічыць інтарэсы жыхароў бліжэйшых населеных пунктаў, па-другое, не нанесці шкоду экалогіі і мінімізаваць магчымае негатыўнае ўздзеянне, якое будзе звязана з будаўніцтвам. "Гэтыя мэты былі пастаўлены распрацоўшчыкам і, на мой погляд, паспяхова дасягнуты", - сказаў першы намеснік генеральнага дырэктара кітайска-беларускага СЗАТ "Кампанія па развіццю індустрыяльнага парку".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі