8 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі створана канкурэнтная і адкрытая інфармацыйная прастора, заявіла сёння міністр інфармацыі Лілія Ананіч у час сумеснага пасяджэння калегій міністэрстваў адукацыі і інфармацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Міністр адзначыла, што ў сучасным свеце роля і ўплыў СМІ пастаянна ўзрастаюць. Тое, што адбываецца ў эканоміцы, культуры, становіцца здабыткам грамадства толькі тады, калі аб гэтым раскажа тэлебачанне, напішуць у газетах, калі гэта прагучыць у радыёэфіры, з'явіцца на інтэрнэт-рэсурсах. "У нас сёння 124 тыс. зарэгістраваных даменных імёнаў у зоне .by, 17 тыс. - у зоне .бел, 1,5 тыс. друкаваных СМІ, больш за 200 тэлепраграм", - паведаміла міністр.
Сумеснае пасяджэнне калегій міністэрстваў прысвечана пытанням падрыхтоўкі журналісцкіх кадраў. У прыватнасці, разглядаецца, якія спецыяльнасці павінны з'явіцца на журналісцкіх факультэтах у сувязі з новымі інфармацыйнымі ўмовамі, якім чынам можна больш эфектыўна арганізаваць практыку студэнтаў у СМІ і галоўнае - як арганізаваць адукацыйны працэс так, каб фарміраваць якасную нацыянальную інфармацыйную прастору.
У цэнтры ўвагі таксама забеспячэнне маладых спецыялістаў рабочымі месцамі. "Кожны, хто атрымлівае веды, павінен мець магчымасць эфектыўна ўкласці гэтыя веды ў развіццё народнай гаспадаркі", - упэўнена Лілія Ананіч.