14 ліпеня, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. Пазыўныя "Славянскага базару" - гэта візітная картка Беларусі. Такое меркаванне выказала сёння на адкрыцці Міжнароднага прэс-цэнтра XXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" міністр інфармацыі Лілія Ананіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Пазыўныя "Славянскага базару" - гэта візітная картка не толькі Віцебска. Гэта візітная картка нашай краіны. Бо 25 гадоў Рэспубліка Беларусь нясе высокую місію: "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення". Дзякуючы СМІ чытачы, гледачы, слухачы, шматмільённая інтэрнэт-аўдыторыя маюць магчымасць даведацца з першых вуснаў пра галоўнае, яркае, пра тое, чым жыве гэтымі днямі фестывальны Віцебск, наша краіна. Важна, каб прэса ўбачыла настрой віцябчан, Беларусі. Творчы настрой. Самае галоўнае ў гэтым свеце - тварыць дабро", - адзначыла, вітаючы журналістаў, Лілія Ананіч.
Яна паведаміла, што ў гэтым годзе на форум акрэдытаваны больш за 500 журналістаў з 10 краін свету, уключаючы Беларусь. Такое прадстаўніцтва гарантуе высокі інфармацыйны напал і папулярызацыю культуры.
На думку міністра, унікальнасць фестывалю ў яго сутнасці - адкрываць новыя імёны маладых выканаўцаў. "Дастаткова быць таленавітым, прыехаць на "Славянскі базар" - і атрымаць пуцёўку ў новае жыццё. Як прыемна было, калі ў Александрыі Таісія Павалій сказала: "Дзякуй Беларусі, што вы мяне адкрылі на "Славянскім базары". Гэта дарагога варта. Унікальнасць фестывалю і ў тым, што з году ў год пашыраецца геаграфія. Прадстаўнікі блізкіх і далёкіх краін прыязджаюць у Віцебск, каб падзяліцца сваёй творчасцю і ўбачыць нашу беларускую культуру. Мы ў Год культуры святкуем такі знакавы юбілей - 25 гадоў фестывалю - і, вядома, паказваем сваю краіну", - падкрэсліла Лілія Ананіч.
Яна ўручыла некалькі ганаровых грамат Міністэрства інфармацыі па выніках работы на "Славянскім базары-2015" карэспандэнтам БЕЛТА, Другога нацыянальнага тэлеканала, рэспубліканскай газеты "Звязда" і рэгіянальнай газеты "Витебские вести". Міністр праанансавала, што гэта не апошнія ўзнагароды, якія будуць уручаны ў час гэтага форуму.