30 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Супрацоўніцтва, якое цяпер развіваецца паміж Беларуссю і Кубай, можна назваць стратэгічным. Аб гэтым заявіў сёння журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Куба ў Рэспубліцы Беларусь Херарда Суарэс Альварэс, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.
"Адыходзячы год стаў вельмі важным у нашых адносінах. Створаны ўсе ўмовы для якаснага і колькаснага змянення адносін у 2016-м", - сказаў пасол.
Дыпламат нагадаў, што ў 2015 годзе на 70-й Генасамблеі ААН адбылася сустрэча кіраўнікоў дзвюх дзяржаў. Таксама ў гэтым годзе паспяхова прайшлі беларуска-кубінскія кансультацыі паміж міністэрствамі замежных спраў і іншыя важныя двухбаковыя сустрэчы. Уступілі ў сілу дакументы, падпісаныя ў ходзе візіту на Кубу міністра замежных спраў Беларусі ў 2014 годзе. Яны датычацца гандлю і супрацоўніцтва ў сферы фармацэўтыкі. У Беларусі прымяняецца ўнікальны кубінскі прэпарат для лячэння дыябетычнай ступні. Куба экспартуе ў Беларусь і іншыя медыкаменты, у тым ліку вакцыну супраць гепатыту.
"Неабходна працаваць у наступным годзе над больш шырокай двухбаковай праграмай, якая ўключае сферы прамысловасці, сельскай гаспадаркі і іншае", - падкрэсліў пасол Кубы.
Херарда Суарэс Альварэс звярнуў увагу, што кубінскі бок гатовы прапанаваць для рэалізацыі інвестарам каля 380 праектаў. "Мы зацікаўлены і ў прыцягненні беларускага капіталу", - сказаў ён. Паводле яго слоў, беларускі Парк высокіх тэхналогій мае намер удзельнічаць у адным з кубінскіх праектаў.
Прадаўжаючы тэму гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, пасол дадаў: "На Кубе ёсць даволі вялікі парк аўтобусаў беларускай вытворчасці. Мы закупляем вашы запчасткі. Тэма транспарту для нас істотная. Пры гэтым кубінскі бок хацеў бы купляць і беларускія ўгнаенні, больш супрацоўнічаць з Беларуссю ў сферах інфармацыйных тэхналогій.