Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

9 Ліс 2014

Алена Шацько: У Беларусі неабходна ствараць музей званоў

Алена Шацько: У Беларусі неабходна ствараць музей званоў

10 лістапада, Віцебск /Алёна Ціханава - БЕЛТА/. Музей званоў неабходна ствараць у Беларусі. Такое меркаванне ў размове з карэспандэнтам БЕЛТА выказала кандыдат мастацтвазнаўства, выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, аўтар кнігі "Званы і звоны праваслаўных храмаў заходніх рэгіёнаў Беларусі: гісторыя і сучаснасць" Алена Шацько.

Паводле слоў эксперта, у храмах краіны можна сустрэць сапраўдныя скарбы - старажытныя званы, адлітыя беларускімі майстрамі і ўпрыгожаныя абразамі і надпісамі. Яны хаваліся свяшчэннікамі і прыхаджанамі ў ваенныя гады, захоўваліся ў часы ваяўнічага атэізму. За кожным такім звонам свая гісторыя. "Гэта ўнікальна і патрабуе вывучэння. Тут яшчэ шмат неразгаданых тайн, - пераканана Алена Шацько. - Некаторыя званы пашкоджаны. І, не ведаючы пра каштоўнасць гэтых аб'ектаў, іх адпраўляюць на пераліўку, а яны павінны знаходзіцца ў музеі званоў. Такі трэба стварыць".

Як паведамлялася, Саюз музычных дзеячаў і Інстытут культуры выступілі з ініцыятывай аб унясенні традыцыйных званоў праваслаўных храмаў Беларусі ў спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА (аўтар праекта - Алена Шацько). У спіс прапануецца ўнесці 24 праваслаўныя храмы, дзе захаваліся старажытныя званы і ўнікальная традыцыя звону. Найбольшая колькасць гэтых храмаў (14) размешчана на тэрыторыі Брэсцкай вобласці, 6 - у Мінскай, 4 - у Віцебскай. Што датычыцца апошніх, то традыцыі перазвону і пераемнасць званарскай практыкі на працягу стагоддзяў захавалі ў вёсцы Ласіца Пастаўскага раёна, Сітцы, Тумілавічы і Порплішча Докшыцкага раёна.

Алена Шацько ўпэўнена, што гэтыя традыцыі звону трэба захоўваць і перадаваць будучым пакаленням. Незвычайныя званарскія практыкі патрабуюць паважлівага стаўлення. Нельга дапусціць, каб яны былі страчаны. "Важна паспець азмаёміць з унікальнымі традыцыямі і практыкамі перазвону ў семінарыях і школах званароў, у духоўных вучылішчах", - падкрэсліла мастацтвазнавец. Захаванню традыцый будзе садзейнічаць і правядзенне фестываляў званароў, куды будуць з'язджацца прадстаўнікі розных традыцый, каб прадэманстраваць сваё майстэрства і падзяліцца сакрэтамі. На такіх форумах моладзь зможа далучацца да мастацтва перазвону і знаёміцца з гісторыяй званоў.

Апошняя пашпартызацыя (падлік званоў) на тэрыторыі Беларусі была праведзена яшчэ ў канцы XIX стагоддзя (1879 год). Гэта было анкетаванне: свяшчэннікі адказвалі на шэраг пытанняў і здавалі анкеты ў епархію. "Там усё апісана вельмі коратка, толькі колькасць званоў, рэдка ёсць звесткі аб надпісах", - сказала субяседніца, выказаўшы перакананне, што такі перапіс, але больш падрабязны, трэба правесці ў Беларусі і цяпер.

У праваслаўных храмах Беларусі можна сустрэць і каталіцкія званы. Яны былі адліты ў польскіх ліцейнях і прыстасаваны пад традыцыі праваслаўнага перазвону, у якой па звоне б'юць языком. Язычны спосаб звону даваў магчымасць ствараць вялізныя званы. "Так у Віцебску быў звон вагой 312 пудоў. Ён быў адліты ў 1871 годзе і прывезены з Масквы. Звон гучаў тут аж да 1915 года. Захаваліся ўспаміны аб яго гучанні - яно было аксамітным і дзякуючы рацэ чулася на вялікую адлегласць", - сказала даследчык.

Алена Шацько - этнамузыказнавец-кампанолаг, правадзейны член Асацыяцыі звонавага мастацтва Расіі. З 2003 па 2011 год па благаславенні мітрапаліта Філарэта наведала 247 праваслаўных храмаў, пашпартызавала і сістэматызавала 1747 званоў XVI - XX стагоддзяў. Адначасова з экспедыцыямі вялася работа ў архівах Беларусі, Польшчы, Літвы, Расіі. Сабраны матэрыял стаў асновай дысертацыі, тэма якой дала назву кнізе: "Званы і звоны праваслаўных храмаў заходніх рэгіёнаў Беларусі: гісторыя і сучаснасць".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі