28 лістапада, Баку /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. За 25 гадоў незалежнасці Беларусь і Азербайджан дасягнулі высокіх вяршынь. Аб гэтым Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў заявіў пасля сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ ў час візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Азербайджан, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ільхам Аліеў павіншаваў Беларусь, якой выпаў гонар праводзіць у 2019 годзе ІІ Еўрапейскія гульні. "Сімвалічна, што гульні праводзяцца ў адных з самых паспяховых краін былога СССР. Думаю, што гэта прызнанне заслуг нашых краін. Нашы краіны як незалежныя дзяржавы маладыя - ім толькі 25 гадоў. За гэтыя гады мы дасягнулі самых высокіх вяршынь і паказваем здольнасць праводзіць мерапрыемствы любога ўзроўню, - заявіў Прэзідэнт. - Упэўнены, што другія гульні будуць не горшыя, чым першыя. Таму што той вопыт, тая арганізацыйная работа, якую вы праводзіце, і тое імкненне да арганізацыі такіх мерапрыемстваў даюць магчымасць гаварыць, што гэта будуць унікальныя гульні: вы пакажаце не толькі душу беларускага народа, але і сілу сучаснай Беларусі. Пакажаце ўсёй Еўропе, што Беларусь - магутная, незалежная, дастойная дзяржава".
Прэзідэнт Азербайджана таксама адзначыў асаблівую ролю Аляксандра Лукашэнкі ў будаўніцтве сучаснай, дынамічнай і самадастатковай дзяржавы - Беларусі. "Раю ўсім грамадзянам Азербайджана паехаць і ўбачыць добрую душу беларускага народа, цудоўны горад Мінск, які сёння з'яўляецца адной з лепшых еўрапейскіх сталіц і па архітэктуры, і па чысціні, і па інфраструктуры", - сказаў Ільхам Аліеў.