22 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава прыняла ўдзел у дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці", сёння яна наведала дзіцячы дом нумар 3 у сталіцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Наталля Качанава з цеплынёй паразмаўляла з дзецьмі, якія расказалі ёй аб сваіх патаемных жаданнях. Пасля навагодняга паказу, уручаючы салодкія падарункі, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта пажадала хлопчыкам і дзяўчынкам расці здаровымі, прыгожымі і разумнымі. У гутарцы з журналістамі яна сказала, што такія цудоўныя дзеці, а ў дзіцячым доме іх цяпер 65, павінны былі б адзначаць гэта свята з сем'ямі. Аднак жыццё распарадзілася інакш. Таты і маці большасці выхаванцаў пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Цяпер аб іх клапоцяцца выхавальнікі. "Я ўдзячна людзям, якія працуюць у гэтым дзіцячым доме з малышамі, аддаюць ім часцінку свайго сэрца, цяпла, любові. Таму што ўсе яны - нашы дзеці. І наша акцыя менавіта так і называецца", - падкрэсліла яна.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта ўручыла дырэктару дзіцячага дома сертыфікат на набыццё абсталявання для кухні, а таксама сродкаў навучання. Падарунак для дзіцячага дома вельмі каштоўны. Прадукты харчавання для некаторых выхаванцаў па стане здароўя трэба спецыяльна апрацоўваць.
Навагодняя дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" стартавала ў Беларусі 10 снежня і прадоўжыцца па 11 студзеня. У Беларусі яна стала ўжо добрай традыцыяй. Наталля Качанава прызналася, што яе кожны раз перапаўняюць асаблівыя пачуцці. "Напярэдадні Новага года мы прыходзім у дзіцячыя дашкольныя ўстановы, школы, бачым усмешкі дзяцей, як яны радуюцца ў чаканні свята, сустрэчы з казачнымі героямі. Для кожнага дарослага гэта асаблівыя пачуцці", - дадала яна.
Галоўная мэта акцыі не пакінуць без увагі ніводнае дзіця. Навагоднія святы, паказы і ранішнікі праходзяць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Кіраўнікі дзяржорганаў і прадпрыемстваў, лідары грамадскіх аб'яднанняў наведваюць сацыяльна значныя аб'екты і віншуюць дзяцей, дораць ім камп'ютарную тэхніку, цацкі, спартыўны інвентар, ласункі. Асаблівая ўвага ўдзяляецца дзецям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, выхаванцам школ-інтэрнатаў, дзецям са шматдзетных, апякунскіх, прыёмных сем'яў, дзецям-інвалідам.