18 жніўня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 жніўня ў час кадравых назначэнняў ва ўрад адказаў на крытычныя заўвагі ў СМІ і інтэрнэце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я абяцаў адрэагаваць на некаторыя заўвагі нашага грамадства ў СМІ, інтэрнэце. Бяру негатыў. Я ўжо гаварыў, што 90 працэнтаў насельніцтва абсалютна адэкватна падтрымліваюць гэтыя рашэнні. Але я бяру негатыў, які там прагучаў. Асабліва ў інтэрнэце, ведаю, хто гэта піша. Вядома, гэта тыя, якія, можа, за гэтага Прэзідэнта і не галасавалі. Але тым не менш гэта частка нашага грамадства. Гэта грамадзяне Беларусі. І не грамадзяне, асабліва расіяне і ўкраінцы. Таму я адсачыў разам з прэс-службай ўсю гэту інфармацыю. І коратка хачу адказаць", - сказаў Прэзідэнт.
"Некаторыя кажуць, вось, Прэзідэнт зрабіў разнос. Нейкая паказальная лупцоўка, кадравыя чысткі. Ніякі разнос, ніякія чысткі Прэзідэнту нявыгадныя. Таму што ўрад фарміруе Прэзідэнт. Так, ён кансультуецца, вывучае гэтыя кандыдатуры з грамадскімі арганізацыямі... Але ўказ падпісвае Прэзідэнт па назначэнні членаў урада. І што, вы хочаце сказаць, што я назначыў гэтых членаў урада для таго, каб разнос зрабіць? Гэта значыць самому сабе. Таму Прэзідэнту ну ніяк не выгадна мець такі ўрад, якому трэба рабіць разнос", - заявіў беларускі лідар.
"Але калі ўрад, назначаны Прэзідэнтам, не тое што не праводзіць той курс, які абазначаны, які народам выпакутаваны і падтрыманы гэтым урадам публічна, ды яшчэ не выконвае рашэнні Прэзідэнта... Якая павінна быць мая рэакцыя? Я што, павінен збоку глядзець?" - паставіў пытанне кіраўнік дзяржавы.
"У нас ёсць прыклады недалёка, калі ўсе глядзяць збоку і нічога не робяць. І вы ведаеце, якая рэакцыя народа", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што некаторыя намякаюць на выбары і кажуць аб тым, што прынятыя рашэнні - гэта папулізм. "Я калі прачытаў, сам падумаў, а калі ў нас выбары прэзідэнцкія... Аказваецца, у нас у 2020-м годзе толькі тэрмін. Гэта яшчэ паўтэрміну. Які папулізм пад выбары? Гэта камусьці хочацца, каб выбары былі заўтра або паслязаўтра. Але я ўжо на гэта пытанне адказваў. Выбары прэзідэнцкія мы правядзём строга па Канстытуцыі нашай краіны. У нас няма ніякай неабходнасці сёння або заўтра праводзіць прэзідэнцкія выбары і пад гэта развіваць нейкі папулізм. Дурасць несусветная!" - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Некаторыя глыбей глядзяць: "Гэта - прыгавор сістэме". Гэта значыць, сістэма ўлады, палітыка ўнутры краіны не тая, сістэма дрэнная", - расказаў Прэзідэнт пра некаторыя каментарыі людзей.
"Гэта камусьці хочацца, каб быў такі прыгавор сістэме. Ці, як некаторыя кажуць: "Сістэма пахіснулася". Дык вось гэтыя рашэнні якраз і прыняты, каб сістэма не пахіснулася", - заявіў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, іншай сістэмы ў Беларусі няма, і ніхто не прапанаваў іншай сістэмы і ўлады, і развіцця Беларусі ўзамен той, якая існуе. "Адна балбатня", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
"І потым, я ўжо таксама звяртаў увагу. Бо, калі я прымаю нейкія рашэнні, даю ўказанні, гэта не экспромт. Гэта выпакутаваныя рашэнні разам з урадам, з вамі", - сказаў Прэзідэнт.
"Альтэрнатывы ніхто не прапанаваў", - канстатаваў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што некаторыя гавораць пра неабходнасць прыцягваць на дзяржпасады кіраўнікоў са сферы бізнесу. "Няважна адкуль. Галоўнае, каб ён быў прафесіяналам, дасведчаным чалавекам. І калі ты ідзеш ва ўрад, ты хаця б уяўляць павінен сістэму гэтага ўрада", - лічыць Прэзідэнт.
Гучаць таксама прапановы аб'явіць адкрыты конкурс на пасады ва ўрадзе. "Мы нагледзеліся ў краінах Усходняй Еўропы, у Расіі іх праводзілі, ва Украіне, мы наглядзеліся на гэтыя конкурсы. І што?" - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што патрэбны дасведчаныя людзі, якія ўмеюць нешта рабіць.
"Некаторыя кажуць, што Лукашэнка цяпер назначыць "блізкіх да сябе". Слухайце, я да прэзідэнцтва Сяргея Мікалаевіча (Румаса) наогул не ведаў. Ведаў яго бацьку. Малайчына, дужы быў чалавек. І ўважліва да яго (Сяргея Румаса) прыглядаўся, некалькі разоў яму гаварыў сваё меркаванне пра яго бацьку. Пра Турчына я атрымаў уяўленне, калі даручыў развіваць IT-сферу. І пра многіх іншых... І няхай Кухараў не думае, што ён проста так перамясціўся ў Камітэт дзяржкантролю, а потым вярнуўся назад. Ды не, гэта мая практыка правяраць людзей у розных іпастасях. І тое, што ён пабыў у Камітэце дзяржкантролю, тое, што ён убачыў праз прызму КДК развіццё нашай эканомікі, усе недахопы ўбачыў - гэта добра, вопыт. Што Петрышэнка разам з Сяргеем Мікалаевічам займаліся фарміраваннем ЕАЭС, добра ведаюць галоўнага нашага эканамічнага і палітычнага партнёра - Расію - гэта таксама вельмі важна. Ім давядзецца займацца гэтымі пытаннямі", - расказаў Прэзідэнт аб тым, па якіх крытэрыях ажыццяўляўся падбор кандыдатур.
Аналагічна і ў дачыненні да Рамана Галоўчанкі, які раней працаваў у ваенна-прамысловым комплексе, а затым на дыпламатычных пасадах.
"Таму няма тут выпадковых людзей! Які тут яшчэ конкурс можа быць? Што, такіх як Петрышэнка і Галоўчанка, куча, пад трыста чалавек, каб паміж імі конкурс праводзіць? Гэта вырашчанае новае пакаленне кіраўнікоў. І дай бог, каб мы не памыліліся, і вы былі адданымі і надзейнымі людзьмі, каб не здарылася, як у нас у сістэме аховы здароўя: карупцыянер на карупцыянеры сядзіць і карупцыянерам паганяе. І прытым дабрабыт свой забяспечвалі за кошт росту цэн на лякарства і тэхніку, якую мы закуплялі ў бальніцы. Гэта значыць, залезлі ў кішэнь людзей. Гэта вышэйшая ступень карупцыі!" - заявіў кіраўнік дзяржавы.
"Ніякай блізкасці, ніякай любові ў мяне да маіх падначаленых ніколі не было. Так, я паважаю людзей, якія аддаюць сябе цалкам справе. Якія выконваюць, можа, нават і неўласцівыя для іх функцыі. Таму што яны любяць сваю краіну і народ. Вось калі вы ўсе будзеце хаця б так, як я, любіць нашу Беларусь і наш народ, у нас з вамі атрымаецца работа", - рэзюмаваў Прэзідэнт.
"Некаторыя, асабліва расіяне, плявузгаюць, інакш не скажаш: "Лукашэнка хоча нешта паказаць або паказацца Пуціну". Слухайце, мы адзін аднаго ведаем, напэўна, больш за 20 гадоў. Мне што паказваць трэба Пуціну? Ён мяне ведае, як у народзе кажуць, як аблупленага. І я яго гэтак жа ведаю. Што нам адзін аднаму яшчэ паказваць? Я ў Крэмль даваць справаздачу не езджу. Мы дамовіліся аб нашых узаемаадносінах. У нас самыя развітыя адносіны - у саюзе Беларусі і Расіі. Мы заключылі масу, больш за сотню нарматыўна-прававых актаў, у нас створана пэўная база. Мы вусна можам прымаць рашэнні і рэалізоўваць іх. У нас вельмі добрыя і блізкія адносіны", - сказаў Прэзідэнт.
"Але што мы хочам ад Расіі? Калі Расія падпісала з Беларуссю дагавор, пагадненне, мы патрабуем, каб гэта выконвалася бездакорна. І я адкрыта кажу, што мы ніколі не станем васаламі ні адной краіны. Не трэба ад нас патрабаваць, як некаторыя пачынаюць ужо на злобу дня пісаць: "Трэба хутчэй Лукашэнку ўступіць у склад Расіі і Беларусь туды скінуць".
"Гэта будуць апошнія дні палітыка ў Беларусі, які прыме такое рашэнне. І навошта гэта ў сучасным свеце? Мы можам існаваць у саюзе з Расіяй і вырашаць нашы агульныя задачы без усялякіх праблем. Гэта самая блізкая нам краіна. Мы адзін народ фактычна. Мы ад аднаго кораня - беларусы, расіяне і ўкраінцы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы не хочам паўтарэння таго, што адбываецца ва Украіне з Расіяй, - канфлікт гэты. Нам гэта не патрэбна. І Расіі гэта не трэба. Таму што ў яе адзінае акно ў памеры 1 тыс. км з усходу на захад - гэта Беларусь. Расія мае патрэбу ў стабільнай Беларусі", - адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Расія баіцца страціць Беларусь, некаторыя кажуць, што рэспубліка развярнулася на Захад. "Ды нікуды мы не разварочваліся і разварочвацца не збіраемся. Наш лёс вызначаны богам быць тут - у цэнтры Еўропы. Вось гэтым трывалым моцным мастом паміж Усходам і Захадам", - падкрэсліў ён.
Прэзідэнт заявіў, што ў Беларусі бліскучыя адносіны не толькі з Расіяй, але і, напрыклад, з КНР. "Захад - гэта наш сусед. Суседзяў не выбіраюць. І мы павінны з імі выбудоўваць добрыя адносіны. Там тэхналогіі. Там ёсць свабодныя інвестыцыі, што яны і ажыццяўляюць у Беларусі. Тое ж самае - КНР. Цяпер з магутнай Індыяй выбудоўваем адносіны, яны інвесціруюць сюды", - прадоўжыў беларускі лідар.
"І потым, калі некаторыя расіяне нас увесь час папракаюць, што мы з Захадам размаўляем, дык, я думаю, трэба на сябе паглядзець. Напэўна, больш, чым Расія, ніхто не імкнецца на Захад або наладзіць адносіны з Захадам і з Амерыкай. Дык у чым вы нас папракаеце?" - паставіў пытанне кіраўнік дзяржавы.
"Таму быць беларуска-расійскім адносінам на самым высокім узроўні", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы ніколі не будзем разбураць ні адно інтэграцыйнае аб'яднанне. Прабачце за нясціпласць, я быў ініцыятарам многіх гэтых інтэграцыйных аб'яднанняў, яшчэ пачынаючы з часоў Ельцына, і адмаўляцца ад гэтага я не маю намеру. Але калі нас штурхаюць нагамі, мы вымушаны адказваць", - дадаў Прэзідэнт.
"Некаторыя нашы грамадзяне вельмі радыкальныя. І раяць Прэзідэнту: "Саджаць усіх трэба, а не звальняць". Вінаватыя сядуць. Але ў краіне павінен быць закон, і ўсё павінна быць у адпаведнасці з законам. І іх нямала ўжо пасадзілі - тых, хто парушае гэты закон. І гэты закон для ўсіх аднолькавы: і для чыноўнікаў, і для рабочых, і для вяскоўцаў, для спецыялістаў, настаўнікаў і ўрачоў... Усё будзе ў адпаведнасці з законам", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што карупцыя недапушчальная. "І вас хачу аб гэтым папярэдзіць асабліва. Таму што заўтра вакол вам пачнуць віцца бізнесмены і іншыя, якія хочуць лёгкага жыцця. Вы з усімі сустракайцеся, размаўляйце, хадзіце з імі ў лазню, калі хочаце. Можаце з імі нават сто грам выпіць. Але помніце, што вы - людзі дзяржаўныя. Маральнае ваша аблічча і паводзіны на вачах у людзей. У мяне няма прывычкі хадзіць за чыноўнікам, і нават членам урада, глядзець, куды ён пайшоў. Хадзіце, куды хочаце. Гэта ваша права. Вы павінны бачыць, чым жыве грамадства, і вы жывяце ў гэтым грамадстве. Але помніце: на любое парушэнне, асабліва хабар, карупцыйныя і іншыя праявы, будзе імгненная рэакцыя з майго боку, як бы мне балюча гэта ні было", - папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.
"Але паверце, мне балюча больш, чым каму-небудзь. Таму што вы - мае "дзеці". Мне што, прыемна было гэтых людзей (з папярэдняга кіраўніцтва ўрада. - Заўвага БЕЛТА) звольніць? Дапусцім, Сямашка столькі прапрацаваў. І той жа Кабякоў - і там, і там... І Васіль Іванавіч Жарко. Але калі правалы ў рабоце... Калі ў Васіля Іванавіча Жарко карупцыянеры вакол... І я тройчы папярэджваў: паглядзі, разбярыся... А там - абвал... Як я магу працаваць з такім чалавекам?" - сказаў беларускі лідар.
Некаторыя перажываюць, што да майго прыезду, візіту ў той ці іншы рэгіён Беларусі марафет наводзяць. Хто дарогі мяняе, хто яшчэ нешта... Я скажу таксама па-народнаму: а як вы думалі? Калі да Качанавай або Сяргея Румаса прыходзіць госць, яны што, у доме не прыбіраюць? А тут жа Прэзідэнт прыехаў. Ён, можа, адзін раз у пяцігодку або ў два-тры гады да цябе прыедзе. І ты што, парадак не навядзеш? Ну, гэта наогул абуральная была б непавага да Прэзідэнта", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Ну і потым, тое, што будзе зроблена, яно ж там застанецца. Я ж з сабой гэта не забяру", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, недапушчальна толькі адно: калі наводзяць глянец з таго боку, адкуль пад'едзе Прэзідэнт. "Але вы ведаце маю практыку. Ніколі такога не было, каб я падышоў з боку гэтага глянцу і не зайшоў з адваротнага боку. Таму я ўсё бачу", - сказаў беларускі лідар.
"Але людзі павінны разумець, што дабрабыт, чысціня і парадак у горадзе, у вёсцы залежаць не толькі ад чыноўнікаў, але і ад саміх гэтых людзей, - дадаў кіраўнік дзяржавы. - Таму калі нехта да прыезду Прэзідэнта зробіць добрую справу, я буду толькі ўдзячны. Але гэта павінна быць планава, людзі павінны бачыць карысць ад гэтага, гэта не павінна быць паказушным. Ніякіх пацёмкінскіх вёсак у Беларусі няма і ніколі не будзе".