Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

12 Сак 2020

Абмежаванне масавых мерапрыемстваў і даплаты медработнікам - Каранік расказаў аб новых мерах у сувязі з каранавірусам

Абмежаванне масавых мерапрыемстваў і даплаты медработнікам - Каранік расказаў аб новых мерах у сувязі з каранавірусам
Фота з архiва

12 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сітуацыя з каранавірусам у Беларусі цалкам кантралюемая. Аб гэтым заявіў сёння журналістам міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Міністр падрабязна расказаў аб тым, якія прафілактычныя меры прыняты ўжо ў краіне, якія - прапануюцца, які стан тых, хто заразіўся вірусам.

Пра захварэлых на каранавірус

Усе пацыенты ў Беларусі, у якіх выяўлены каранавірус, знаходзяцца ў здавальняючым стане. Чацвёра ўжо вылечыліся, у іх атрыманы адмоўныя тэсты.

Новыя выпадкі, якія фіксуюцца, - сярод тых, хто кантактаваў з захварэлымі і хто ўжо ізаляваны. "У іх захворванне праходзіць у лёгкай форме, і без тэстаў пра яго, хутчэй за ўсё, не ведалі б", - адзначыў міністр.

Пра абмежаванне на правядзенне масавых мерапрыемстваў

Міністэрства аховы здароўя рэкамендуе абмежаваць правядзенне масавых мерапрыемстваў у краіне. "Мы лічым, што правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў трэба абмежаваць на час, пакуль усё не супакоіцца і не будзе зразумела, як развіваецца сітуацыя ў нашых суседзяў", - сказаў Уладзімір Каранік.

На пытанне, якія менавіта мерапрыемствы будуць аднесены да масавых, ён адказаў, што рашэнне будзе прымацца ў кожным канкрэтным выпадку.

Разам з тым Міністэрства аховы здароўя не лічыць патрэбным уводзіць каранцін ва ўстановах адукацыі. "ЮНІСЕФ і СААЗ гэтага не рэкамендуюць, паколькі дзеці не належаць да групы рызыкі, у іх вельмі рэдка бываюць цяжкія формы, нулявая лятальнасць", - дадаў Уладзімір Каранік.

Міністр падкрэсліў, што Беларусь захавае каранцінныя мерапрыемствы на граніцы і прадоўжыць кантраляваць стан тых, хто прыбывае з эпідэмічна нестабільных краін.

На жаль, не ўсе паводзяць сябе адказна. "Непатрэбная шуміха, якая цяпер ёсць у прэсе, і спроба ўварвацца ў асабістае жыццё людзей. З-за гэтага яны ўтойваюць, што знаходзіліся ў эпідэмічна неспрыяльных раёнах і позна звяртаюцца па медыцынскую дапамогу", - адзначыў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя. Напрыклад, пацыент, які ў панядзелак быў выяўлены ў Мінску з пнеўманіяй у стане сярэдняй ступені цяжкасці, утаіў ад урачоў, што знаходзіўся ў Паўночнай Італіі. У Беларусь ён прыляцеў рэйсам з Мюнхена. Толькі калі ён трапіў у бальніцу з пнеўманіяй, зрабілі тэст на каранавірус - і ёе аказаўся станоўчым.

"Ёсць чырвоныя флажкі, якія мы паставілі, каб не прапусціць выпадкаў інфекцыі: усе пнеўманіі сярэдняй ступені цяжкасці і цяжкай формы абавязкова правяраюцца на наяўнасць каранавіруса", - растлумачыў міністр.

Пра добраахвотную самаізаляцыю

Для тых, хто прыбывае з-за мяжы, кіраўнік Міністэрства аховы здароўя настойліва рэкамендаваў абмежаваць кантакты на працягу двух тыдняў пасля вяртання дамоў. "Калі чалавек вяртаецца з эпідэміялагічна нестабільнага раёна і пачынае актыўныя стасункі з сябрамі і сваякамі, гэта ў мяне выклікае пытанне: няўжо вам так абыякавы сябры і сваякі?" - сказаў ён.

Для тых, хто свядома ставіцца да свайго здароўя і здароўя навакольных, Міністэрства аховы здароўя распрацуе сістэму самаізаляцыі. Гэта значыць, будзе зацверджаны парадак, калі чалавеку, які прыбыў з эпідэмічна нестабільнага рэгіёна, альбо таму, хто кантактаваў з захварэлым, дазволяць заставацца дома, выключыўшы стасункі з іншымі людзьмі.

Пра рэспіраторны этыкет

Уладзімір Каранік яшчэ раз звярнуў увагу на важнасць выканання рэспіраторнага этыкету. Ён нагадаў, што найбольш успрымальныя да каранавіруса асобы - пажылыя людзі са спадарожнай паталогіяй. "Давайце паклапоцімся пра сваіх блізкіх, не будзем да іх ездзіць хворымі, прывозіць хворых унукаў, растлумачым, што ў гэты перыяд не трэба хадзіць па магазінах і гандлёвых цэнтрах, не трэба без неабходнасці наведваць паліклініку", - рэкамендаваў ён.

"У нас абсалютна кантралюемая сітуацыя, стабільна працуючая сістэма аховы здароўя, цудоўныя людзі. Давайце будзем больш адказнымі і дабрэйшымі адзін да аднаго", - дадаў міністр.

Пра даплаты медработнікам

Уладзімір Каранік расказаў, што ў час сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі абмяркоўвалася пытанне аб магчымых мерах матэрыяльнага стымулявання работнікаў аховы здароўя, якія аказваюць дапамогу хворым на каранавірус і патэнцыяльна маюць высокую рызыку заражэння. "Тыя, хто знаходзіцца на вастрыі барацьбы, будуць матэрыяльна прастымуляваны, - сказаў міністр. - Гэта будуць не сімвалічныя 10 працэнтаў надбаўкі. Гэта будуць сапраўды істотныя надбаўкі, каб людзі ведалі, што мы цэнім іх працу і разумеем, наколькі цяжкую работу яны робяць". Паводле яго слоў, новая сістэма аплаты працы дае магчымасць аператыўнага ўвядзення надбавак медработнікам, пры гэтым памер такіх надбавак не абмежаваны.

У выпадку з каранавірусам усе краіны зацікаўлены ў тым, каб выйграць час і як мага пазней сутыкнуцца з эпідэміялагічным уздымам. Вельмі важна ў гэтай сітуацыі мець дастатковы запас рэсурсаў, месцаў у стацыянарах. "У нас рэсурсаў дастаткова. Нашы абмежавальныя меры накіраваны на тое, каб не было кластарнай захваральнасці, калі нагрузка будзе больш разліковай. Калі будуць адзінкавыя выпадкі або невялікія групы, то рэсурсаў больш чым дастаткова, мы значна лепш падрыхтаваны, чым 5-6 гадоў таму. Адных апаратаў ШВЛ па рэспубліцы больш за 2 тыс. А калі дабавіць наркозна-дыхальнае абсталяванне, якое таксама можна выкарыстоўваць у рэжыме ШВЛ, то гэта яшчэ 1,5 тыс.", - адзначыў Уладзімір Каранік.

Ён прывёў у якасці прыкладу асабісты вопыт работы хірургам. "Калі ідзеш на аперацыю, у цябе заўсёды ёсць план А. Але калі ў цябе няма плана В, ты дрэнны хірург. Трэба разумець, што заўсёды нешта можа пайсці не так. У сітуацыі з каранавіруснай інфекцыяй у нас ёсць план А, В, С, D у залежнасці ад таго, як будзе развівацца сітуацыя. Мы пакуль знаходзімся на плане А. Рэсурсаў для гэтага дастаткова. Па колькасці ложкаў і ўрачоў у нас сітуацыя значна лепшая, чым у Італіі, Германіі", - падкрэсліў міністр.

Ён нагадаў, што паводле даных статыстыкі, 81 працэнт захварэлых пераносіць каранавірус у лёгкай форме, каля 14 працэнтаў патрабуе мінімальнай меддапамогі, а 5 працэнтаў - гэта, як правіла, група асоб, якая патрабуе інтэнсіўнай тэрапіі, а часам і тэрапіі ў рэанімацыйных аддзяленнях.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі