12 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь уваходзіць у лік краін з самай нізкай верагоднасцю надыходу мацярынскай смяротнасці, паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Алена Богдан на рэспубліканскім семінары "Перадабортнае кансультаванне, вопыт работы і шляхі ўдасканалення", які праходзіць сёння ў РНПЦ "Маці і дзіця", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Атрымана ад нашага прадстаўніцтва пры ААН у Жэневе апублікаваная справаздача: мы апярэдзілі фактычна ўсе краіны свету", - сказала Алена Богдан.
Гаворачы пра дзіцячую смяротнасць, начальнік галоўнага ўпраўлення адзначыла, што яшчэ 10 гадоў таму паказчык 3 праміле па рэспубліцы быў недасягальным. "Магілёўская вобласць, якая стабільна ішла каля тройкі, была шматгадовым лідарам у Беларусі. Сёння 3,0 - гэта паказчык дзіцячай смяротнасці рэспублікі ў цэлым. Ёсць 2,6 праміле, ёсць 2,8, ёсць 2,9", - сказала яна.
Беларусь за апошнія гады зрабіла вельмі шмат на заканадаўчым узроўні ў плане папярэджання нежаданай цяжарнасці і прафілактыкі абортаў. У прыватнасці, з увядзеннем новага закона аб ахове здароўя, які ўступіў у сілу 27 снежня 2014 года, прадугледжана абавязковае перадабортнае псіхалагічнае кансультаванне жанчын, якія звярнуліся за правядзеннем штучнага перарывання цяжарнасці. Замацавана права ўрача на адмову ў правядзенні аборту, перанакіраваўшы жанчыну да іншага спецыяліста.
Акрамя таго, скарочаны пералік сацыяльных паказанняў для перарывання цяжарнасці. На сёння такіх усяго два - згвалтаванне і пазбаўленне бацькоўскіх правоў. З 2011 года колькасць перарыванняў цяжарнасці па сацыяльных паказчыках скарацілася амаль у 10 разоў. У 2015 годзе іх было ўсяго 44 выпадкі.
Беларусь не спыняецца на дасягнутым. Падпраграмай "Сям'я і дзяцінства" Дзяржаўнай праграмы "Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь" на 2016-2020 гады прадугледжаны шэраг мерапрыемстваў па прапагандзе традыцыйных сямейных каштоўнасцей і папярэджанні нежаданай цяжарнасці, абортаў.
У цэлым, паводле слоў начальніка галоўнага ўпраўлення, кіраўніцтва краіны надае важнейшае значэнне сацыяльна арыентаванай палітыцы. "Нягледзячы на няпростую сацыяльна-эканамічную сітуацыю, ніводная дапамога, звязаная з выплатамі па мацярынстве, па забеспячэнні лекавымі сродкамі, сродкамі догляду, не тое што не зніжана, а нават павялічаны", - сказала яна.