Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

13 Снж 2012

Зоркі сусветнай оперы выступяць на міжнародным калядным форуме ў Мінску

11 снежня, Мінск /Ганна Кацікава - БЕЛТА/. Зоркі сусветнай оперы прадставяць сваю творчасць на ІІІ Мінскім міжнародным калядным оперным форуме. Аб гэтым 11 снежня на прэс-канферэнцыі паведаміў генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі (НАВТ) Уладзімір Грыдзюшка.

Самы маштабны праект Вялікага тэатра оперы і балета пройдзе ў Беларусі з 16 па 23 снежня.

"На форуме збяруцца лепшыя музычныя крытыкі, вядомыя артысты, дырэктары буйнейшых тэатраў СНД і іншых краін. Пры гэтым многія з кіраўнікоў тэатраў прыязджаюць на форум ужо з канкрэтнымі кантрактамі для пераможцаў міжнароднага конкурсу вакалістаў. Усяго ж за час опернага форуму наш тэатр плануе прыняць у сваіх сценах каля двухсот гасцей. Я думаю, гэта з'яўляецца лепшым сведчаннем прэстыжу і папулярнасці, якую калядны оперны форум заваяваў у свеце", - падкрэсліў Уладзімір Грыдзюшка. Ён таксама расказаў, што з удзельнікамі форуму арганізатарам даводзіцца дамаўляцца загадзя, таму што "ў кожнага тэатра існуе свой дакладны і, як правіла, насычаны графік".

У дні форуму Вялікі тэатр Беларусі прадставіць свайму гледачу лепшыя оперныя спектаклі з удзелам зорак сусветнай оперы. Так, адкрые форум 16 снежня прэм'ера сезона - нацыянальная опера "Сівая легенда" Дзмітрыя Смольскага на лібрэта Уладзіміра Караткевіча. "Першая пастаноўка оперы адбылася ў 1978 годзе, у бягучым годзе "Сівая легенда" вярнулася на сцэну ў пастаноўцы рэжысёра Міхаіла Панджавідзэ, дырыжора Віктара Пласкіны, мастака Аляксандра Касцючэнкі, хормайстра Ніны Ламановіч. Адну з вядучых партый - Рамана - на адкрыцці форуму выканае саліст маскоўскага Вялікага тэатра заслужаны артыст Расіі Раман Муравіцкі", - расказаў Уладзімір Грыдзюшка.

Увазе аматараў опернага мастацтва 18 снежня будзе прадстаўлена опера "Зігфрыд" Рыхарда Вагнера. Гледачы ўбачаць сусветна вядомую пастаноўку ў выкананні артыстаў Сафійскага нацыянальнага тэатра оперы і балета. Опера будзе ўпершыню прадстаўлена на беларускай сцэне. Рэжысёрам-пастаноўшчыкам балгарскага "Зігфрыда" стаў дырэктар Сафійскага нацыянальнага тэатра оперы і балета прафесар Пламен Карталаў. У спектаклі прымуць удзел больш як 130 артыстаў, уключаючы салістаў оперы, хор і аркестр.

 У Вялікім тэатры 19 снежня будзе гучаць новая рэдакцыя оперы "Яўген Анегін" Пятра Чайкоўскага. Яе прэм'ера адбылася ў чэрвені бягучага года. Галоўныя партыі ў оперы выканаюць салісты Акадэміі маладых спевакоў Марыінскага тэатра, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Андрэй Бандарэнка (Анегін), Марыя Баянкіна (Таццяна), Дзмітрый Варапаеў (Ленскі), Юлія Матачкіна (Вольга). За дырыжорскім пультам - маэстра Міхаіл Сінькевіч (Марыінскі тэатр).

На наступны дзень галоўны тэатр краіны парадуе гледачоў операй Аляксандра Барадзіна "Князь Ігар" у новай музычнай рэдакцыі. Вядучыя партыі ў ёй выканаюць заслужаныя артысты Расіі Юрый Нячаеў (князь Ігар) і Міхаіл Казакоў (Канчак), у партыі Канчакоўны - салістка Вялікага тэатра Расіі Святлана Шылава. Кіраваць аркестрам будзе вядомы дырыжор - заслужаны артыст Расіі Павел Сарокін.

Акрамя такой насычанай праграмы каляднага опернага форуму ў сценах галоўнага тэатра краіны пройдзе сусветна вядомы Міжнародны конкурс спевакоў - выканаўцаў італьянскай оперы Competizione dell’Opera. На гэтым пеўчым спаборніцтве ўдзельнікі прадставяць выключна італьянскі і італамоўны рэпертуар ва ўсёй яго разнастайнасці: ад старадаўняй музыкі да музыкі ХХ стагоддзя. Упершыню конкурс праводзіўся ў 1996 годзе. З 2001 года конкурс выканаўцаў італьянскай оперы пачалі арганізоўваць у Дрэздэне, у гэтым жа годзе яго паўфінал і фінал праходзілі ў Маскве на сцэне Вялікага тэатра Расіі. За 16 гадоў свайго існавання Competizione dell’Opera стаў адным з буйнейшых вакальных конкурсаў у свеце. Такі поспех пеўчаму спаборніцтву ў многім прынеслі старанні яго кіраўніка - вядомага нямецкага рэжысёра, дырэктара тэатраў зямлі Брэмен (Германія), арганізатара Дрэздэнскага опернага балю Ханса-Ёахіма Фрая.

Адборы вакалістаў-канкурсантаў Competizione dell’Opera праводзіліся папярэдне па ўсім свеце, у тым ліку ў краінах Еўропы, Азіі, Амерыкі. Выступленні ўдзельнікаў паўфіналу і фіналу будзе ацэньваць прадстаўнічае міжнароднае журы, у склад якога ўвайшлі кіраўнікі буйнейшых оперных тэатраў свету і вядомыя оперныя выканаўцы. Узначаліць судзейскую калегію прафесар Ханс-Ёахім Фрай. Таксама сярод членаў журы мастацкі кіраўнік Дзяржаўнай оперы Браўншвейга Ута-Хрысцін Дэперман (Германія), саліст Тбіліскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета народны артыст Грузіі Тэймураз Гугушвілі, генеральны дырэктар Варшаўскай Нацыянальнай оперы Вальдэмар Дамброўскі, гендырэктар Львоўскага Нацыянальнага тэатра оперы і балета Тадэй Едэр, гендырэктар Латвійскай нацыянальнай оперы Андрэйс Жагарс, дырэктар Сафійскага Нацыянальнага тэатра оперы і балета прафесар Пламен Карталаў, саліст оперы Курт Рыдл (Аўстрыя), саліст оперы Міхаіл Рысаў (Італія), салістка Нацыянальнай оперы Украіны народная артыстка СССР і Украіны Марыя Cцефюк, саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі народны артыст Беларусі, Сяргей Франкоўскі, салістка Вялікага тэатра заслужаная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна, а таксама  гендырэктар Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета імя А.Наваі Бахтыяр Якубаў (Узбекістан).

Фінал конкурсу адбудзецца 22 снежня на галоўнай сцэне Вялікага тэатра. Пераможцаў узнагародзяць грашовымі прэміямі. Асобна будзе вызначаны ўладальнік прыза глядацкіх сімпатый.

Завершыцца оперны форум 23 снежня гала-канцэртам з удзелам зорак сусветнай опернай сцэны, лаўрэатаў міжнароднага конкурсу італьянскай музыкі Competizione dell'Opera, а таксама лепшых оперных салістаў з Беларусі, Аўстрыі, Азербайджана, Балгарыі, Грузіі, Італіі, Літвы, Расіі, Узбекістана, Украіны, Чэхіі, Эстоніі. Канцэрт пройдзе пад кіраўніцтвам вядомых дырыжораў Андрэя Галанава і Даніэля Мантанэ.

Заснавальнікамі каляднага опернага форуму сталі Міністэрства культуры, Мінгарвыканкам і Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета. Генеральным партнёрам выступіла ААТ "ААБ Беларусбанк", галоўным партнёрам - ААТ "БанкЗЭБ".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі