15 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ХХ Міжнародная спецыялізаваная выстаўка "СМI ў Беларусі" пройдзе 11-14 мая. Аб гэтым паведаміла міністр інфармацыі Лілія Ананіч у час анлайн-канферэнцыі на тэму "Медыяасяроддзе Беларусі ў новых умовах" на сайце БЕЛТА.
"Выстаўка "СМІ ў Беларусі" - гэта прафесійная ўнікальная пляцоўка на постсавецкай прасторы. Нідзе ў краінах СНД не захаваліся такія выстаўкі. Некалі такая была ў Маскве, праводзіліся аналагічныя выстаўкі ў іншых краінах. Але толькі Беларусь змагла вырасціць такую пляцоўку і адзначаць ужо 20 гадоў", - сказала міністр.
Паводле яе слоў, ужо створаны аргкамітэт, ідзе падрыхтоўка. Дваццатая па ліку выстаўка будзе прымеркавана да 25-годдзя Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Адным з мерапрыемстваў стане форум "Партнёрства ў імя будучыні. 25 гадоў СНД". "Мы хочам правесці агляд, што адбываецца на інфармацыйным полі Беларусі, як развіваецца інфармацыйная сфера ў калег у постсавецкіх краінах. У нас ёсць прафесійныя стасункі ў фарматах міжурадавых пагадненняў. Але ёсць шмат тэм, якія патрабуюць абмеркавання. Яны актуальны і для Беларусі, і для іншых краін СНД. Прафесіяналізм, кантэнт, інтэрнэт - тэмы, якія сёння з'яўляюцца якаснымі складнікамі ў развіцці любой нацыянальнай інфармацыйнай прасторы", - лічыць міністр.
Лілія Ананіч дадала, што выстаўка стане пляцоўкай для абмеркавання развіцця беларускага інфармацыйнага поля і планавання на будучае.
У мінулым годзе выстаўка "СМІ ў Беларусі" сабрала ўдзельнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны, іншых дзяржаў.
Міністр адзначыла, што па традыцыі ў маі адбудзецца шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных прафесійным святам. Значнай падзеяй стане выстаўка СМІ, пройдзе ўшаноўванне пераможцаў конкурсу "Залатая Літара". У канцы мая свае вынікі падвядзе "Тэлевяршыня".