11 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Харавыя калектывы з Беларусі, Расіі і Літвы прымуць удзел у X Міжнародным форуме студэнцкіх хароў "Папараць-кветка-2015" у Мінску. Як паведамілі БЕЛТА ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, форум пройдзе з 14 па 16 мая.
На ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства 14 мая ў сталічным архікафедральным касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі выступяць восем харавых калектываў. У гэты ж дзень адбудзецца першы конкурс "Духоўная музыка". У сценах аднаго з самых прыгожых сабораў Беларусі гледачы пачуюць хрысціянскія песнапенні ў выкананні звыш 250 удзельнікаў. Тут прагучаць вядомыя творы кампазітараў-класікаў Паўла Часнакова, Міхаіла Іпалітава-Іванова, Анатоля Кісялёва, Вольфганга Амадэя Моцарта і інш.
Другі конкурсны дзень адкрыецца праграмай з твораў свецкай музыкі. У сталічнай канцэртнай зале "Верхні горад" 15 мая прагучаць вядомыя мелодыі сучасных кампазітараў. Тут будуць выкананы песні Ігара Лучанка, Уладзіміра Кандрусевіча, Аляксандра Новікава, Фрэдзі Мерк'юры і інш.
Па традыцыі для ўдзельнікаў будуць арганізаваны адукацыйныя мерапрыемствы, што ўключаюць майстар-класы па вакальна-харавым майстэрстве і творчыя сустрэчы з вядомымі кампазітарамі.
Гала-канцэрт адбудзецца вечарам 16 мая пад адкрытым небам на плошчы Свабоды ля будынка гарадской ратушы.
Усе ўдзельнікі X Міжнароднага форуму студэнцкіх хароў "Папараць-кветка-2015" атрымаюць сертыфікаты і дыпломы, якія прысуджаюцца спецыяльным экспертным саветам. У гэтым годзе ў яго склад увайшлі дырыжоры калектываў Гедымінас Раманаўскас (Шаўляй, Літва), Майкл Доўсан (Дублін, Ірландыя), Сямён Кліманаў (Беларусь) і Павел Шэпелеў (Беларусь).
На ўсе мерапрыемствы ўваход свабодны.