16 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава работ сучасных беларускіх мастакоў пройдзе ў чэрвені бягучага года ў Пекіне. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі (НММБ) Уладзімір Пракапцоў.
Экспазіцыя фарміруецца з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і будзе ўключаць каля 50 работ сучаснікаў. Выстава пройдзе ў Нацыянальным мастацкім музеі Кітая ў сталіцы краіны, будзе прымеркавана да 25-годдзя суверэнітэту Беларусі і Году культуры, аб'яўленаму ў Беларусі. У будучым годзе кітайскія партнёры правядуць акцыю ў адказ і арганізуюць выставу ў Мінску. У хуткім часе ў беларускую сталіцу прыедуць прадстаўнікі Нацыянальнага мастацкага музея Кітая, каб азнаёміцца з пляцоўкамі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і атрымаць уяўленне аб калекцыі беларускіх карцін, што фарміруецца для выставы ў Пекіне.
Уладзімір Пракапцоў адзначыў, што супрацоўніцтва музеяў Беларусі і Кітая набірае абароты. Гэтым летам група беларускіх мастакоў на чале з гендырэктарам НММБ адправіцца па запрашэнні кітайскага боку на пленэр. Такая магчымасць сустрэцца з мастакамі іншай школы, пазнаёміцца з выдатнымі мясцінамі, культурай і прыродай Паднябеснай дазволіць набыць новыя веды і навыкі. Работы ўдзельнікаў пленэра затым змогуць убачыць наведвальнікі Мастацкага музея горада Чунцін, дзе будзе іх часовае экспанаванне. Не выключана магчымасць дэманстрацыі палотнаў і ў Мінску.
Пленэр для беларускіх жывапісцаў запланаваны з 14 па 23 ліпеня ў адпаведнасці з пагадненнем аб супрацоўніцтве Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і Мастацкага музея горада Чунцін, якое падпісана некалькі дзён таму ў Кітаі. У Мастацкім музеі горада Чунцін у 2017 годзе будзе прадстаўлена выстава іх работ.