Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

1 Oct 2014

Выстаўка легендарнага нямецкага фатографа адкрылася ў Мінску

2 кастрычніка, Мінск /Яўген Сакалоўскі - БЕЛТА/. У Цэнтры сучасных мастацтваў у Мінску адкрылася выстаўка легендарнага нямецкага фатографа Арна Фішэра, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гэта выстаўка сапраўды знакавая, таму што ў нас ёсць магчымасць убачыць работы Арна Фішэра розных перыядаў", - сказала кіраўнік Цэнтра сучасных мастацтваў Наталля Шаранговіч.

У экспазіцыі прадстаўлена 125 работ, якія адлюстроўваюць розныя этапы творчасці аднаго з самых значных фотамайстроў другой палавіны ХХ стагоддзя.

"Гледзячы на гэтыя фатаграфіі, сапраўды разумееш, чаму Арна Фішэра многія сучасныя фатографы называюць іконай стылю", - дадала Наталля Шаранговіч.

Зыходны пункт выстаўкі - ранняя серыя работ "Сітуацыя: Берлін", у якой фатограф акцэнтаваў увагу на чатырох сектарах падзеленага Берліна. Публікацыя здымкаў была забаронена ў сувязі з узвядзеннем Берлінскай сцяны, але менавіта дзякуючы гэтым кадрам грамадскасць адкрыла для сябе таленавітага фатографа.

На выстаўцы таксама прадстаўлены здымкі, зробленыя для моднага часопіса "Sibylle", якія прынеслі Арна Фішэру славу рэвалюцыянера моднай фатаграфіі, а таксама серыя партрэтаў вядомых асоб, сярод якіх можна пазнаць Марлен Дзітрых і Маю Плісецкую. Шматлікія фатаграфіі, зробленыя ў час падарожжаў па Германіі, Індыі, Афрыцы і Нью-Ёрку, з'яўляюцца яшчэ адной часткай выстаўкі.

Завяршае экспазіцыю серыя здымкаў саду Арна Фішэра. Уважлівы да дэталей фатограф стварыў нацюрморты, якія з'яўляюцца сутнасцю яго творчасці.

Арна Фішэр - нямецкі фатограф, які стаў у свой час адным са стылеўтваральных фатографаў Усходняй Германіі. Сваімі здымкамі ён спрабаваў паказаць сучасны яму стан грамадства, узаемаадносіны людзей і стаўленне да адзіноты. Арна Фішэр стаў адным з заснавальнікаў рабочай фатаграфічнай групы ў асацыяцыі выяўленчых мастацтваў ГДР. У 2000 годзе за творчыя дасягненні ён быў узнагароджаны прэміяй Эрыха Саламона, якую ўручае Нямецкае фатаграфічнае таварыства.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі