2 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзентацыя перасовачнага выставачнага праекта "Беларусь і беларусы" адбудзецца сёння ў пасольстве Беларусі ў Венгрыі (Будапешце), паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі.
Наведвальнікі выстаўкі могуць азнаёміцца з асноўнымі этапамі гістарычнага развіцця Беларусі, культурным здабыткам рэспублікі. Экспазіцыя прадстаўляе беларускую нацыю як неад'емную частку сусветнай супольнасці, а таксама дапамагае зразумець, хто такія беларусы.
Экспазіцыя складаецца з мабільных канструкцый, на якіх размешчаны тэматычныя выявы, фатаграфіі прадметаў, дакументаў, невялікія тлумачальныя тэксты на беларускай і англійскай мовах. Падаецца кароткі гістарычны агляд, які закранае асноўныя этапы развіцця дзяржавы, раскрываюцца асаблівасці матэрыяльнай і духоўнай дзейнасці беларусаў.
Выстаўка разлічана на прэзентацыю гісторыі і культуры Беларусі за мяжой.