Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

23 Врс 2012

VIІ Міжнародны фестываль Юрыя Башмета адкрываецца ў Мінску

23 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. VIІ Міжнародны фестываль Юрыя Башмета адкрываецца 23 верасня ў Мінску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Фестываль праводзіцца Міністэрствам культуры і Мінскім гарвыканкамам.

Адкрывае форум у Беларускай дзяржаўнай філармоніі канцэрт Літоўскага камернага аркестра пад кіраўніцтвам аднаго з самых вядомых скрыпачоў свету Сяргея Крылова. Салісты - Сяргей Крылоў і лаўрэат міжнародных конкурсаў, мастацкі кіраўнік фестывалю Расціслаў Крымер.

Наступны фестывальны дзень падорыць слухачам вечар камернай музыкі, прымеркаваны да 20-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Ізраілем. Перад публікай выступіць "Авіў-квартэт" (Ізраіль).

Акрамя таго, 27 верасня ўпершыню прагучыць твор грузінскага кампазітара Гія Канчэлі (ён вядомы шырокай аўдыторыі як аўтар музыкі да кінафільмаў "Міміно" і "Кін-дза-дза", а прафесіяналам - як аўтар сямі сімфоній). Твор Гія Канчэлі "Стыкс" для альта, хору і аркестра выканае народны артыст Расіі Юрый Башмет у суправаджэнні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі і Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р.Шырмы пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора Татарстана, заслужанага артыста Расіі Аляксандра Сладкоўскага. Пачэсным госцем канцэрта стане сам Гія Канчэлі.

На арэне Беларускага дзяржаўнага цырка 29 верасня адбудзецца юбілейны канцэрт сусветна вядомага джазавага скрыпача Жана-Люка Панці (Францыя) і яго бэнда (менавіта ў гэты дзень славутаму Жану-Люку Панці спаўняецца 70 гадоў).

30 верасня ў Белдзяржфілармоніі ўпершыню на тэрыторыі СНД будзе прадстаўлены новы твор Радзівона Шчадрына - канцэрт для габоя з аркестрам. Выканаўцы - саліст аркестра Канцэртгебау, прафесар Жэнеўскай акадэміі музыкі Аляксей Агрынчук, Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Андрэса Мустанена (Эстонія). У канцэрце таксама прыме ўдзел вядомы віяланчэліст лаўрэат міжнароднага конкурсу імя П.І. Чайкоўскага Аляксандр Бузлоў (Расія).

На 3 кастрычніка запланавана выступленне сімфанічнага аркестра. Салісты - народны артыст СССР скрыпач Віктар Траццякоў (Расія) і лаўрэат міжнароднага конкурсу імя каралевы Лізаветы ў Бельгіі скрыпач Арцём Шышкоў (Беларусь).

На закрыцці фестывалю 5 кастрычніка (Белдзяржфілармонія) адбудзецца ўнікальны канцэрт "Сусветная скарбніца", у якім прыме ўдзел Юрый Башмет разам са сваім аркестрам - уладальнікам прэміі "Грэмі" Камерным ансамблем "Салісты Масквы". Артысты ансамбля будуць музіцыраваць на скрыпках Страдывары, Гварнеры і Амаці з Дзяржаўнай калекцыі Расіі.

У праграме фестывалю абазначаны і іншыя канцэрты, а таксама майстар-класы.

Міжнародны фестываль Юрыя Башмета - доўгатэрміновая буйнамаштабная культурная акцыя, арыентаваная на аб'яднанне творчых сіл Беларусі, Расіі і іншых краін.

Фестываль мае масавы характар, ён накіраваны на ўмацаванне духоўных каштоўнасцей, садзейнічае захаванню і развіццю класічнага мастацтва, прызначаны падтрымліваць маладыя таленты і наватарства ў сферы культуры. Мерапрыемства праводзіцца ў Беларусі штогод. Канцэрты форуму праходзяць таксама ў прэстыжных залах Расіі і Германіі.

Адна з галоўных ідэй фестывалю - прадаставіць магчымасць маладым таленавітым музыкантам выступіць на адной сцэне з сусветна вядомымі артыстамі, што садзейнічае не толькі павышэнню ўзроўню іх выканальніцкага майстэрства і кар'ернаму росту, але таксама ўмацаванню сувязей у галіне міжнароднага культурнага супрацоўніцтва.

Аўтар ідэі фестывалю Башмета і яго мастацкі кіраўнік - вядомы беларускі піяніст, лаўрэат міжнародных конкурсаў, выпускнік Каралеўскай акадэміі музыкі (Лондан) Расціслаў Крымер. Ганаровым сустаршынёй арганізацыйнага камітэта фестывалю з'яўляецца вялікі музыкант сучаснасці - народны артыст Расіі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і Расіі Юрый Башмет.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі