Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

3 Jul 2014

Ветэранам у ЗША, краінах Еўропы ўручаны юбілейныя медалі з нагоды 70-годдзя вызвалення Беларусі

3 ліпеня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Ветэранам у Нью-Ёрку, Турцыі, Азербайджане, Эстоніі, Славакіі, Балгарыі, Германіі ўручаны юбілейныя медалі з нагоды 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.

На ўрачыстым мітынгу ў Нью-Ёрку, прысвечаным 70-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, юбілейныя медалі і віншавальныя пісьмы Прэзідэнта Беларусі ўручаны ўдзельнікам вызвалення Беларусі. Перад прысутнымі выступілі генеральны консул Беларусі ў Нью-Ёрку Віктар Саверчанка, часовы павераны ў справах Беларусі ў ЗША Павел Шыдлоўскі, кіраўніцтва беларускага зямляцтва ў Нью-Ёрку і Амерыканскай асацыяцыі інвалідаў і ветэранаў Другой сусветнай вайны, дэпутат заканадаўчай Асамблеі штата Нью-Ёрк Алек Брук-Красны і іншыя. У час мерапрыемства быў паказаны дакументальны фільм "Партызаны супраць Вермахта. Вызваленне Беларусі". Акрамя таго, прысутным былі прадэманстраваны матэрыялы фотавыстаўкі БЕЛТА, прысвечанай святкаванню 70-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Удзельнікаў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў шанавалі ў Таліне: ім былі ўручаны медалі і салдацкія пісьмы-трохвугольнікі з віншаваннем Прэзідэнта Беларусі.

Пасол Беларусі ў Славакіі Уладзімір Серпікаў уручыў юбілейны медаль ветэрану ВАВ, удзельніку партызанскага руху ў Беларусі грамадзяніну Славацкай Рэспублікі Міхаілу Рабіку. Супрацоўнікі пасольства таксама ўсклалі кветкі на мемарыяльным комплексе савецкім воінам, якія загінулі пры вызваленні Славакіі ў гады Другой сусветнай вайны.

Ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, пачэснаму грамадзяніну Віцебска генерал-лейтэнанту ў адстаўцы Дабрыну Дзімітраву ў пасольстве Беларусі ў Балгарыі быў перададзены віншавальны адрас ад імя Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, уручаны юбілейны медаль, а таксама віншаванні ад імя пасольства, Віцебскага гарвыканкама і Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў.

Узнагароджанне юбілейным медалём удзельнікаў вайны і вязняў гета прайшло і ў Мюнхене. Тут адкрыта фотавыстаўка аўстрыйскага фатографа Себасцьяна Хольцкнехта "Невінаваты", прысвечаная вязням яўрэйскіх гета і канцлагераў на тэрыторыі Беларусі.

Юбілейны медаль уручаны ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, які пражывае ў Анкары.

Мерапрыемствы з нагоды 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прайшлі і ў азербайджанскіх гарадах Баку, Гянджа, Еўлах, Сумгаіт і Нахчыван, дзе ветэранам Вялікай Айчыннай вайны таксама былі ўручаны юбілейныя медалі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі