Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

11 Лют 2013

Ванэса Мэй выступіць у Мінску ў сукенцы ад беларускага дызайнера

11 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сусветна вядомая скрыпачка Ванэса Мэй 17 лютага выйдзе на сцэну мінскага Палаца Рэспублікі ў сукенцы ад беларускага дызайнера, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Менеджары зоркі звярнуліся ў адно з канцэртных агенцтваў Беларусі з просьбай знайсці таленавітых мадэльераў, гатовых прадаставіць артыстцы ўбранні  для выступлення ў Мінску. На выбар былі прапанаваны сукенкі дызайнераў Ірыны Бойцік  (Boitsik), Юліі Гілевіч (Fur Garden) і Ганны Драгацэннай. Артысткай разглядаліся вячэрнія мадэлі, даволі простыя і ў той жа час дарэчныя на канцэрце класічнай музыкі. Нягледзячы на тое, што ўбранні традыцыйна разлічаны на дзяўчат вышэйшых за сярэдні рост, беларускія медэльеры паспеюць да канцэрта падагнаць па фігуры сукенку, якая спадабаецца Ванэсе Мэй. Цяпер зорка выбірае фасон і колер.

Падбор сукенкі для Ванэсы Мэй - задача не з лёгкіх. Скрыпачку не раз бачылі на паказах вядучых куцюр'е свету. Так, яна з'явілася ў беласнежным уборы на парыжскім падыуме ў час дэманстрацыі калекцыі вясельных сукенак Жана-Поля Гацье.

Ванэса Мэй - скрыпачка, якой няма роўных у жанры красовер (класічнай музыкі ў сучаснай апрацоўцы). На яе рахунку больш як 40 плацінавых узнагарод і 10 млн. прададзеных дыскаў. У Мінску артыстка выступіць з праграмай "Чароўная скрыпка" ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь. Ванэса Мэй выканае скрыпічныя шэдэўры нямецкіх кампазітараў Баха, Брамса, Бетховена і Бруха. Публіку чакае выбуховая сумесь розных стыляў, уключаючы класіку, рок, тэхна, рэгі, джаз, дыска, ф'южн і фламенка, а таксама аранжыроўкі вялікай класікі з альбома Choreography.

У віртуознай выканаўцы - англійскае грамадзянства і пячаць Сінгапура ў пасведчанні аб нараджэнні. Яна нарадзілася ў адзін дзень з італьянскім скрыпачом і кампазітарам Нікола Паганіні, праўда, на 200 гадоў пазней. Яе стыль - чароўны сплаў культур і эпох. Кітаянка па маці, тайка па бацьку, Ванэса праславілася дарам спалучаць гук акустычнай і электрычнай скрыпкі з рытмамі джазу і тэхна. "Скрыпка не павінна застацца ў мінулым. Яна павінна ўвайсці разам з намі ў новае стагоддзе. Я стараюся зрабіць для электраскрыпкі тое, што ў свой час зрабіў Джымі Хендрыкс для электрагітары", - гаворыць зорка.

Першы канцэрт Ванэсы прайшоў, калі дзяўчынцы было дзевяць гадоў. У дзесяць яна ўжо іграла з філарманічным аркестрам. Ванэса была самым маладым вучнем у Каралеўскім музычным каледжы.

Дэбютны дыск Violin Ванэса Мэй запісала ў кастрычніку 1991 года. У наступным годзе артыстка першы раз узяла сваю электраскрыпку Zeta. У 1994 годзе запісала першы поп-альбом. Рэйтынг альбома The Violin Player узляцеў у сусветных чартах больш як у 20 краінах адразу ж пасля выхаду.

Самыя цікавыя гісторыі звязаны з інструментамі, на якіх іграе Ванэса. Адзін з іх - акустычная скрыпка Guadagnini, якую артыстка  выкарыстоўвае ў большасці класічных твораў. Інструмент быў выраблены ў 1761 годзе і куплены зусім яшчэ юнай Ванэсе на аўкцыёне за 150 тыс. фунтаў стэрлінгаў. Праз сем гадоў, у студзені 1995 года, Guadagnini ўкралі, але ў сакавіку таго ж года паліцыя беражліва вярнула яе гаспадыні. Пазней Ванэса Мэй умудрылася ўпасці са сцэны за некалькі гадзін да выступлення і разламаць інструмент на кавалачкі. Gaudagnini рамантавалі шмат тыдняў і ў хуткім часе аддалі назад у лепшым выглядзе. Ванэса, прайшоўшы столькі выпрабаванняў, усім сэрцам палюбіла гэту скрыпку і нават дала ёй імя - Gizmo. Інструмент  суправаджае Мэй на канцэртах.

Ванэса Мэй вельмі папулярная - часопіс People ўключыў яе ў лік 50 самых прыгожых людзей свету, а часопіс FHM назваў яе адной са 100 самых прыгожых жанчын свету. Яна выконвала Баха для членаў каралеўскай сям'і, выступала ў Ганконгу на Цырымоніі ўз'яднання Кітая. Увогуле артыстка гастраліравала ў 50 краінах і іграла на ўсіх лепшых пляцоўках свету.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі