Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

10 Jul 2017

Удзельнікамі ХІХ Сусветнага кангрэса рускай прэсы ў Беларусі стануць 52 краіны

10 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Удзельнікамі ХІХ Сусветнага кангрэса рускай прэсы "Партнёрства ў імя будучыні: прыярытэты сучаснай цывілізацыі" стануць 52 краіны. Аб гэтым паведаміла сёння журналістам у прэс-цэнтры БЕЛТА міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч.

ХІХ Сусветны кангрэс рускай прэсы пройдзе 11-15 ліпеня, замежныя госці пачнуць прыбываць у Мінск заўтра. Паводле слоў Ліліі Ананіч, разам з Беларуссю ўдзельнікамі мерапрыемства стануць прадстаўнікі СМІ 52 дзяржаў.

Кіраўнік ведамства нагадала, што Беларусь прымае кангрэс ужо другі раз - 15-ы па ліку праходзіў на гэтай жа пляцоўцы ў 2013 годзе. "Мы ўдзячны Сусветнай асацыяцыі рускай прэсы за праяўленую да нашай краіны цікавасць, за магчымасць абмяркоўваць у такім буйным фармаце важны для нас медыйны парадак дня", - заўважыла Лілія Ананіч.

Яна расказала, што ў бягучым годзе разам з кангрэсам пройдзе традыцыйны медыяфорум "Партнёрства ў імя будучыні". "Мы палічылі неабходным, каб на адной пляцоўцы працавалі ўсе нашы госці, таму што ў прэсы няма межаў і тэматыка, якую мы хочам абмяркоўваць, агульная для ўсіх", - растлумачыла міністр.

Ключавым мерапрыемствам ХІХ Сусветнага кангрэса рускай прэсы стане пленарнае пасяджэнне, якое пройдзе ў Мінску 12 ліпеня. Запланаваны дзве панэльныя сесіі - "Выклікі і магчымасці: суверэнітэт, інтэграцыя, глабалізацыя" і "СМІ ва ўмовах лічбавай рэвалюцыі". "Абедзве гэтыя сесіі нацэлены на маштабнае абмеркаванне актуальнага для інфармацыйнай супольнасці парадку дня", - упэўнена Лілія Ананіч.

Напрыклад, што датычыцца тэматыкі лічбавай рэвалюцыі, міністр звярнула ўвагу, што ў цяперашніх умовах СМІ павінны выпрацоўваць агульныя падыходы, каб процістаяць выклікам і пагрозам, зрабіць інфармацыйную прастору бяспечнай для жыццядзейнасці чалавека і грамадства.

Яшчэ адна сесія, прысвечаная інтэграцыі і глабалізацыі, паводле слоў Ліліі Ананіч, дасць магчымасць Беларусі чарговы раз агучыць пасылы, якія краіна генерыруе на працягу ўсіх гадоў сваёй незалежнасці, выступаючы за добрасуседства і шматвектарнасць.

У цэлым Лілія Ананіч выказала ўпэўненасць, што маючы адбыцца кангрэс стане добрай пляцоўкай для стасункаў, будзе садзейнічаць пашырэнню інфармпрасторы паміж краінамі і нарошчванню іх патэнцыялу.

Арганізатарамі ХІХ Сусветнага кангрэса рускай прэсы выступаюць Сусветная асацыяцыя рускай прэсы, Міністэрства інфармацыі Беларусі, Фонд супрацоўніцтва з рускамоўнай прэсай - Фонд САРП.

Сусветная асацыяцыя рускай прэсы (САРП), створаная 24 чэрвеня 1999 года, - адкрытая міжнародная няўрадавая арганізацыя друкаваных і электронных сродкаў масавай інфармацыі, агенцтваў, выдавецтваў, рэдакцый, тэлевізійных і радыёпраграм. Паводле даных Савета САРП, рускамоўныя газеты, часопісы, выдавецтвы, радыё, тэлебачанне існуюць цяпер у больш як 70 краінах свету. Значная частка з іх прадстаўлена ў САРП або супрацоўнічае з ёю.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі