Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

3 Dec 2013

У Х Калядным міжнародным турніры аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі згуляюць 12 каманд

3 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У X Калядным міжнародным турніры аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі, які пройдзе ў Мінску з 3 па 7 студзеня 2014 года згуляюць 12 каманд, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства спорту і турызму Беларусі. Мінулыя гады (за выключэннем трэцяга турніру) за галоўны прыз спаборнічалі восем хакейных дружын.

У спартыўным ведамстве сёння прайшло чарговае пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення маючага адбыцца турніру з удзелам міністра спорту і турызму Аляксандра Шамко, памочніка Прэзідэнта Беларусі па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму Максіма Рыжанкова, старшыні Беларускай федэрацыі хакея (ФХРБ) Яўгена Ворсіна, прадстаўнікоў органаў дзяржкіравання і іншых зацікаўленых арганізацый.

Яўген Ворсін расказаў, што ў беларускую сталіцу прыедуць каманды Аўстрыі, Германіі, Канады, Расіі, Славакіі, Украіны, Францыі, Фінляндыі, Чэхіі, Швецыі і Швейцарыі. Беларусь будзе прадстаўляць каманда кіраўніка дзяржавы. Формула правядзення турніру 2014 года зведала змяненні. Ён будзе складацца з папярэдняга і фінальнага этапаў. На папярэднім этапе гульні пройдуць у адзін круг у трох групах. У кожнай з іх выступяць па чатыры каманды:

група А: Беларусь, Германія, Славакія, Францыя;

група В: Расія, Аўстрыя, Чэхія, Швейцарыя;

група С: Канада, Фінляндыя, Швецыя, Украіна.

У фінальны этап выйдуць пераможцы трох груп і каманда, якая мае лепшыя дадатковыя паказчыкі з усіх, хто фінішуе на другіх месцах. У адным з паўфіналаў памераюцца сіламі пераможца групы А і лепшая з заняўшых другое месца дружын. У другім паўфінале сыдуцца пераможца групы В і пераможца групы С. У матчы за першае месца сустрэнуцца пераможцы паўфінальных гульняў, за трэцяе месца паспаборнічаюць каманды, якія прайгралі ў паўфіналах.

Матчы каманд групы А пройдуць у мінскім Палацы спорту. Тут жа адбудзецца і ўрачыстая цырымонія адкрыцця турніру. Другая чацвёрка будзе гуляць у "Чыжоўка-Арэне", трэцяя - у мінскім Лядовым палацы. Фінал і ўрачыстую цырымонію закрыцця турніру прыме "Мінск-Арэна".

У час сённяшняга пасяджэння ў Мінспорту былі разгледжаны праекты сцэнарыяў урачыстых цырымоній адкрыцця і закрыцця турніру, абмеркаваны рабочы план і іншыя бягучыя пытанні. Як падкрэсліў міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко, юбілейны Калядны міжнародны турнір аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі адкрые каляндар важнейшых спартыўных мерапрыемстваў 2014 года, і яго лейтматывам стане падрыхтоўка Беларусі да хакейнага чэмпіянату свету ў Мінску. З кожнай з каманд - удзельніц Каляднага турніру будуць працаваць валанцёры, якіх затым задзейнічаюць і ў час майскага сусветнага форуму.

Мінулыя гады пераможцам Каляднага турніру сем разоў станавілася каманда Прэзідэнта Беларусі (у 2005, 2006, 2008, 2009, 2010, 2012 і 2013 гадах). Двойчы поспех святкавала расійская дружына, якая ў 2007 і ў 2011 гадах адолела ў фінале беларусаў.

У 2013 годзе ўпершыню ў рамках турніру была праведзена дабрачынная акцыя "Калядная традыцыя", у час якой хакеісты каманд-удзельніц наведалі дзіцячыя дамы і сацыяльныя прытулкі, уручыўшы іх выхаванцам падарункі, а таксама аказаўшы фінансавую дапамогу ад імя Прэзідэнцкага спартыўнага клуба і Беларускай федэрацыі хакея. Плануецца, што гэта акцыя будзе прадоўжана і ўдзельнікамі юбілейнага турніру ў студзені 2014-га.

Арганізатарамі маючых адбыцца спаборніцтваў выступаюць Міністэрства спорту і турызму Беларусі, Мінскі гарвыканкам, ФХРБ і Прэзідэнцкі спартыўны клуб.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі