У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

15 Май 2014

У Мінску адкрыўся міжнародны фестываль тэатраў лялек

16 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску ўрачыста адкрыўся VIII Беларускі міжнародны фестываль тэатраў лялек. Першы спектакль - "Гамлет" Уільяма Шэкспіра - знатакам мастацтва падарыў Магілёўскі абласны тэатр лялек, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Цырымонію адкрыцця форуму наведалі першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга, намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама Віталіна Рудзікава.

Вітаючы гасцей, Ірына Дрыга выказала меркаванне, што ў кожнай значнай культурнай падзеі ёсць сваё кодавае слова. Для фестывалю тэатраў лялек гэта можа быць слова "радасць". Форум дае магчымасць прафесіяналам прадэманстраваць свае дасягненні, абмяняцца вопытам, дадала Ірына Дрыга.

Ігар Карпенка прызнаўся, што рады правядзенню фестывалю адначасова з ЧС па хакеі. Паводле яго пераканання, тэатральнае свята стане падарункам для шматлікіх гасцей хакейнага першынства.

VIII Беларускі міжнародны фестываль тэатраў лялек прадоўжыцца пяць дзён. За гэты час публіка ўбачыць 14 спектакляў з Беларусі, Расіі, Украіны, Італіі, Польшчы, Ізраіля.

Фестываль пройдзе на трох пляцоўках - у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек, Новым драматычным тэатры і Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы.

Свае спектаклі ў Мінск прывезлі 13 калектываў, 7 з іх - беларускія. На форуме айчынныя лялечныя тэатры прадставяць рэпертуарныя навінкі.

Напрыклад, Беларускі тэатр "Лялька" прадставіць п'есу "Дзядзя Ваня і сястры тры" Юрыя Пахомава, Гродзенскі абласны тэатр лялек пакажа спектакль "Фаўст. Сны" па матывах Гётэ, Беларускі дзяржаўны тэатр лялек падрыхтаваў гледачам пастаноўку "Ладдзя Роспачы" Уладзіміра Караткевіча. Гомельскі дзяржаўны тэатр лялек прывёз у Мінск спектакль "Тарцюф" па творы Жан-Батыста Мальера, а Брэсцкі тэатр лялек - спектакль "Самазванец" па сачыненні Аляксандра Пушкіна "Барыс Гадуноў".

Мінскі абласны тэатр лялек "Батлейка" парадуе маленькіх гледачоў казкай Рыгора Остэра.

Беларускі міжнародны фестываль тэатраў лялек праходзіць раз у два гады. Мінск прымаў форум у 1990, 1993, 1995, 1999 гадах. Аднавілася мерапрыемства ў 2008-м годзе і пасля гэтага праходзіла ў 2010 і 2012 гадах. За гады існавання на форум прыязджалі ўдзельнікі больш як з 20 краін, у тым ліку ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Швецыі і Фінляндыі.

Арганізатарамі выступаюць Мінкультуры Беларусі, Мінгарвыканкам, Беларускі дзяржаўны тэатр лялек.

Далучыцца да лялечнага свята дарослыя і дзеці могуць аж да 19 мая. Штодзённа на фестывалі будуць паказваць па 3-4 пастаноўкі. Абмеркаваць спектаклі з рэжысёрамі і акцёрамі можна будзе ў дыскусійным клубе ў будынку Беларускага тэатра лялек.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс
Еўрапейскія гульні-2019 у Мінску