6 мая, Ляньюньган /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. У кітайскім горадзе Ляньюньган чакаюць новых выступленняў беларускіх артыстаў. Аб гэтым заявіла, адказваючы на пытанні беларускіх журналістаў, член пастаяннага камітэта парткама горада Тэн Вэнь, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У гэтым горадзе выступаў Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі, яго канцэрт аказаў вельмі добрае ўражанне на кітайскіх слухачоў, адзначыла Тэн Вэнь. "Гэта цудоўны старт для нашага культурнага супрацоўніцтва з Беларуссю", - сказала яна.
Тэн Вэнь падкрэсліла, што кітайскі бок гатовы да супрацоўніцтва з Беларуссю па многіх напрамках, тым больш што для гэтага ёсць самыя сур'ёзныя перадумовы. У прыватнасці, Беларусь праяўляе цікавасць да ўдзелу ў праекце "Новы Шаўковы шлях", які ўключае як сухапутныя транспартныя калідоры, так і марскія шляхі. Ляньюньган з'яўляецца ўсходнім фортам новага азіяцка-еўрапейскага транскантынентальнага моста. У той жа час гэта прыморскі горад на ўсходзе краіны, які ў ліку першых аб'яўлены адкрытым для развіцця турызму. "У горадзе створана самая сучасная транспартна-лагістычная індустрыя. Порт - самы галоўны рэсурс горада - стаў важным транспартным вузлом новага Шаўковага шляху", - адзначыла член пасткама.