26 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тыдзень беларускай кухні пройдзе ў Мінску дзявяты раз з 7 па 13 сакавіка. Такая інфармацыя размешчана на сайце Мінгарвыканкама, паведамляе БЕЛТА.
У кулінарнай акцыі прымуць удзел 100 аб'ектаў грамадскага харчавання. Наведвальнікам прапануюць пяць страў нацыянальнай кухні: халадзец з хрэнам, салянку шляхецкую, кручэнікі са свініны з грэцкай кашай і грыбамі, бліны з вясковай смажанінай, густы журавінавы кісель з узбітымі вяршкамі.
Традыцыйна ва ўсіх 100 установах пералік страў, цэны, рэцэптуры і тэхналогія гатавання будуць аднолькавымі. Меню распрацавана пры ўдзеле шэф-повараў кафэ і рэстаранаў беларускай нацыянальнай кухні.
Установы - удзельніцы акцыі размешчаны ў кожным адміністрацыйным раёне горада, яны розныя па тыпе і фармаце, аднак іх аб'ядноўвае сама ідэя папулярызацыі нацыянальнай кухні і развіцця культуры харчавання.
Упершыню мерапрыемства прайшло ў верасні 2013 года. Прыхільнікі нацыянальнай кухні ўжо ацанілі поліўку грыбную, бабку бульбяную, дранікі са смятанай, пячыста са свінога кумпяка і верашчаку з грэцкімі блінамі, закуску з курыцы з вяндлінай і зялёным гарошкам, суп халодны са шчаўя са смятанай і маладой бульбай, рыбу на топленым масле з запечанай бульбай, калдуны з мясам, рыбнік з тоўчанай бульбай і белым соусам, пячыста з бульбянымі дранікамі і кмінным соусам, гуляш па-радзівілаўску з грэцкай кашай, хрушчы тварожныя з мёдам і інш.
Стравы беларускай кухні запатрабаваны ў кафэ і рэстаранах сталіцы. Кіраўнікі прадпрыемстваў, якія ўдзельнічаюць у праекце, тонка адчуваюць змяненні попыту спажыўцоў. Многія аб'екты ўключылі гэтыя стравы ў сваё пастаяннае меню, паколькі яны карысталіся вялікім попытам у наведвальнікаў.
Павялічылася і колькасць удзельнікаў Тыдня беларускай кухні: з 10-15 да 100 аб'ектаў грамадскага харчавання. У многіх з іх (кафэ "Мая дарагая", "У гаспадыні", "Традыцыі", рэстараны "Сядзіба", "Раздолле" і інш.) вызначылася кола пастаянных кліентаў і аматараў нацыянальнай кухні. Вялікую цікавасць да беларускай кухні праяўляюць госці горада, асабліва замежныя грамадзяне.