Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

24 Жнв 2012

Турнір памяці Руслана Салея пачынаецца сёння ў "Мінск-Арэне"

24 жніўня, Мінск /Сяргей Вішнеўскі - БЕЛТА/. Сёння на лёдзе "Мінск-Арэны" пачынаецца першы турнір, прысвечаны памяці былога капітана хакейнай зборнай Беларусі Руслана Салея, які 7 верасня 2011 года разам з усёй камандай расійскага "Лакаматыва" загінуў у авіякатастрофе пад Яраслаўлем пры ўзлёце самалёта, які вылятаў на стартавы матч чэмпіянату КХЛ з мінскім "Дынама", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

На борце самалёта Як-42 акрамя Руслана Салея знаходзіліся яшчэ два беларусы - форвард Сяргей Астапчук і трэнер "Лакаматыва" па фізпадрыхтоўцы Мікалай Крываносаў.

Ужо на наступны дзень пасля трагедыі старшыня Федэрацыі хакея Яўген Варсін абвясціў аб заснаванні штогадовага турніру памяці Руслана Салея, а ў сярэдзіне ліпеня гэтага года быў названы канчатковы склад удзельнікаў першага такога спаборніцтва і стаў вядомы каляндар гульняў.

Турнір памяці Руслана Салея адкрыецца матчам, які прадстаўляе Беларусь у Кантынентальнай хакейнай лізе мінскага "Дынама" і чэмпіёна краіны жлобінскага "Металурга". Гэты паядынак пачнецца ў 19.00. А за паўгадзіны да гэтага пачнецца цырымонія адкрыцця турніру і прадстаўленне хакеістаў і трэнерскага штаба "Дынама" перад новым сезонам. Акрамя таго, чакаецца, што ў адкрыцці турніру прыме ўдзел сям'я Руслана Салея, у тым ліку прыбыўшая з-за акіяна жонка хакеіста Бэттэн.

Тэлетрансляцыя стартавага паядынку адбудзецца позна ўвечары ў запісе на канале "Беларусь 2" (пачатак у 23.25).

У другі дзень турніру ў 17.00 адбудзецца матч "Металург" (Жлобін) - "Віцязь" (Чэхаў, Расія), які будзе трансліравацца на тэлеканале "Беларусь 2" у прамым эфіры.

У заключны дзень, 26 жніўня, у 17.00 пачнецца паядынак "Дынама" (Мінск) - "Віцязь" (Чэхаў). Яго тэлегледачы таксама змогуць убачыць на тэлеканале "Беларусь 2" у прамой трансляцыі.

Мінскае "Дынама" не гуляла на сваёй дамашняй арэне больш за паўгода - з 19 лютага, калі ўступіла пераможцу рэгулярнага чэмпіянату КХЛ чалябінскаму "Трактару". У міжсезонне склад сталічнай дружыны папоўнілі некалькі навабранцаў - абаронцы Коры Мэрфі (Канада), Юнас Фрэгрэн (Швецыя) і беларусы Павел Чарнавок і Яўген Нагачоў, а таксама форварды Цім Стэплтан (ЗША) і беларус Андрэй Коласаў. Акрамя таго, залячыў траўму спіны прапусціўшы амаль увесь папярэдні сезон беларускі выхаванец чэшскага хакея Анатоль Пратасеня. А галкіпера Андрэя Мезіна, які развітаўся з камандай, замяніў варатар зборнай Нарвегіі Ларс Хаўген, які амаль увесь мінулы сезон гуляў у беларускай экстралізе за салігорскі "Шахцёр" і толькі ў канцоўцы чэмпіянату КХЛ прызваны пад дынамаўскія сцягі.

На жаль, з-за ўкусу кляшча вымушаны быў прапусціць большую частку цяперашняй перадсезоннай падрыхтоўкі лідар каманды чэшскі форвард Збынек Іргл, таму ён наўрад ці згуляе на турніры памяці Руслана Салея.

А вось нападаючыя Джэф Плат і Дзмітрый Мялешка, якія атрымалі траўмы на нядаўнім трэніровачным зборы ў Швейцарыі, ужо аднавілі трэніроўкі з камандай.

Цікава, што мінскае "Дынама", якое лічыцца флагманам беларускага хакея, папярэдні раз сустракалася з пераможцам экстралігі 4 гады таму, напярэдадні дэбюту ў КХЛ. Тады "зубры" пацярпелі цяжкае паражэнне ад мінскага "Кераміна" - 2:6, пасля чаго перацягнулі ў свае рады ледзь не палавіну ігракоў саперніка.

Пасля таго канфузу мінскае "Дынама" імкнулася пазбягаць сустрэч з чэмпіёнамі Беларусі, нягледзячы на настойлівыя прапановы галоўнага трэнера мінскага "Юнацтва" Міхаіла Захарава. Зрэшты, у мінулым сезоне яго дружына пазбавілася чэмпіёнскага тытула і цяпер рыхтуецца да дэбюту ў Вышэйшай хакейнай лізе (ВХЛ) адкрытага чэмпіянату Расіі, а матч мінскага "Дынама" з чэмпіёнам краіны (гэты тытул вясной упершыню заваяваў жлобінскі "Металург") усё ж адбудзецца - у рамках турніру памяці Руслана Салея.

Ударна жлабінчане пачалі падрыхтоўку і да новага сезона, упэўнена заваяваўшы пуцёўку ў фінал Кубка Беларусі. Прычым на папярэдняй стадыі турніру "стальным ваўкам" давялося вытрымаць вельмі напружаны графік - чатыры матчы за восем дзён. Нягледзячы на гэта, "Металург" атрымаў чатыры перамогі з агульным лікам 25:4. Найбольшыя цяжкасці чэмпіён адчуваў у сустрэчы з салігорскім "Шахцёрам", адолеўшы гарнякоў толькі ў серыі пасляматчавых булітаў (2:1). "Юнацтва", якое рыхтавалася да старту ў ВХЛ, было пераканаўча абыграна - 5:2, а аўтсайдары наваполацкі "Хімік-СКА" (11:1) і "Віцебск" (7:0) бязлітасна разгромлены. І ўсё гэта на фоне сур'ёзных міжсезонных нагрузак, якімі традыцыйна летам "частуе" падапечных строгі настаўнік Васіль Спірыдонаў. Такім чынам, будзе цікава паглядзець, як яго каманда вытрымае выпрабаванне клубамі КХЛ - мінскім "Дынама" і падмаскоўным "Віцязем". Са страт "Металурга" адзначым адсутнасць траўміраванага абаронцы Ільі Казнадзея.

Чэхаўскі "Віцязь", які за гады выступлення ў КХЛ праславіўся шалёным норавам і пастаяннымі бойкамі, уступае ў новы сезон пад кіраўніцтвам новага галоўнага трэнера - 49-гадовага Юрыя Лявонава, вядомага па выступленнях за маскоўскае "Дынама" і зборную СССР, з якой у 1990 годзе заваяваў золата чэмпіянату свету.

У міжсезонне "Віцязь" папоўніўся маладымі здольнымі ігракамі, у каманду вярнуліся таксама вопытныя хакеісты - абаронца Данііл Маркаў і форвард Аляксандр Карарлюк.

У ліку навабранцаў і добра знаёмы беларускім балельшчыкам па выступленні за магілёўскае "Хімвалакно" абаронца-грэнадзёр Уладзімір Малевіч. Перайшоў у "Віцязь" з мыцішчанскага "Атланта" і 22-гадовы выхаванец наваполацкага хакея форвард Павел Чарноў.

Атрад тафгаяў "Віцязя" прыкметна скараціўся. З мінулагодняга складу ў ім застаўся толькі самы грозны з байцоў Джэрэмі Яблонскі. Яму ў дапамогу з "Нью-Ёрк Айлендэрс" быў выпісаны таксама Трэвар Гіліс.

Зрэшты, ні яны, ні іншыя заакіянскія легіянеры "Віцязя" Браян Фэйхі, Марк Кален і Джош Хенэсі не выступяць на турніры памяці Руслана Салея. Капітанам "Віцязя" ў Мінску будзе вопытны 38-гадовы абаронца зборнай Казахстана Аляксей Трашчынскі, яго асістэнтамі - Данііл Маркаў і Аляксандр Каралюк.

Нягледзячы на адсутнасць многіх легіянераў, "Віцязь" не варта недаацэньваць. У таварыскіх матчах цяперашняга міжсезоння падмаскоўная дружына пакуль не ўступала, згуляўшы ўнічыю з маскоўскім ЦСКА (2:2), выйграўшы ў маскоўскага "Дынама" (5:0) і казанскага "Ак Барса" (2:1 па булітах). Ды і жорсткі стыль гульні "Віцязь" здольны дэманстраваць і без сваіх тафгаяў.

Кошт білетаў на асобныя матчы турніру памяці Руслана Салея складзе ад Br10 тыс. да Br80 тыс. Комплексныя білеты на ўсе паядынкі турніру прадаюцца па цане ад Br45 тыс. да Br186 тыс.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі