16 чэрвеня, Хойніцкі раён /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў размове з журналістамі ў час наведвання Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка расказаў
аб сваім стаўленні да водпуску і адпачынку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пытанне водпуску ў адносінах да Прэзідэнта ўпіраецца ў Канстытуцыю краіны. "У Прэзідэнта Беларусі водпуску як такога, звычайнага чалавечага, быць не можа. У мяне няма віцэ-прэзідэнта, і па Канстытуцыі я свае паўнамоцтвы нікому не магу перадаць", - сказаў ён.
Прэзідэнт падкрэсліў, што, нават ад'язджаючы, напрыклад, у Сочы на некалькі дзён, ён падтрымлівае з радзімай пастаянны кантакт, прымаючы ўдзел у вырашэнні важных пытанняў.
Што датычыцца адпачынку, Аляксандр Лукашэнка не лічыць, што гэта павінна быць абавязкова звязана, напрыклад, з паездкай на мора. "Па-першае, я не люблю цёплае надвор'е. Наогул цярпець не магу. Адпачынак - гэта змена абстаноўкі і роду заняткаў. Калі ты сёння гуляеш у хакей, заўтра сячэш дровы, а паслязаўтра косіш траву, бегаеш на лыжаролерах і гэтак далей, гэта і ёсць адпачынак для мяне. Я цярпець не магу ляжаць на пляжы і загараць. Для мяне гэта непрымальна", - сказаў ён.